Пінскія стэпы ды Вялікая Салігорская пустыня. Што чакае Беларусь, калі не спыніць дэградацыю земляў?


У Сусветны дзень водных рэсурсаў belsat.eu прапаноўвае вашай увазе відэаграфіку “Нечаканыя факты пра рэкі, азёры, балоты Беларусі” ды артыкул пра сучасныя пагрозы землям і водным запасам краіны.

Па дадзеных ААН, дэградацыя земляў Беларусі з’яўляецца актуальнай экалагічнай праблемай для краіны. Асноўнымі фактарамі і формамі праявы дэградацыі з’яўляюцца: водная і ветравая эрозія глебаў, хімічнае заражэнне (у тым ліку, і радыенукліднае), пагаршэнне ўласцівасцяў тарфяных глебаў, дэградацыя земляў як вынік здабычы торфу, будаўнічых прац, тарфяных пажараў і асушэння балотаў.

Па дадзенымі НДІ глебазнаўства і аграноміі НАН Беларусі плошча ў той ці іншай ступені пашкоджаных глебаў на сельскагаспадарчых землях складае больш за 4 млн.га, з якіх каля 2,5 млн. га – ворныя, з іх толькі 550 тыс. га пашкоджаныя водна-ветравай эрозіяй.

«Фактычна мы назіраем ператварэнне зямель у стэп. Калі зменіцца клімат на стэпавы – лес у стэпе не расце, а лес – гэта нашае ўсё. Запусціцца цэлы каскад ланцужных рэакцый па змене клімату, і пачнуцца ўжо незваротныя наступствы», – спецыяліст арганізацыі «Зялёная сетка Беларусі» Ігар Куталоўскі распавёў «Белсату», чым можа скончыцца ігнараванне дэградацыі земляў.

На першы позірк можа падацца, што праблемы засухі і апустыньвання не вельмі актуальныя для нашае краіны. Нашыя сельскагаспадарчыя працаўнікі не так часта сутыкаюцца з зацяжнымі перыядамі засушлівага надвор’я, ды і тысячаў людзей, што галадалі бы па прычыне збяднення нашых глебаў, быццам бы, таксама няма. Аднак, на самой справе ўсё не так ужо і весела.

Чарнобыль і «Беларуськалій» – дзве катастрофы Беларусі

Нельга таксама абысці бокам і радыенукліднае заражэнне земляў, што выклікала аварыя на ЧАЭС, якое, па дадзеных ААН, не мае аналагаў у свеце. На сённяшні дзень атручана каля 1,3 млн га сельскагаспадарчых земляў і 1,6 млн га лясных фондаў, што складае больш за 20% плошчы краіны. Таксама адзначаецца, што назіраецца гарызантальная міграцыя радыенуклідаў, якая пашырае плошчу забруджвання.

Найбуйнейшае прадпрыемства краіны «Беларуськалій» таксама ўносіць істотную лепту ў забруджванне навакольнай тэрыторыі. За час работы прадпрыемства з пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, якое штогод падымае на паверхню да 30 млн т пароды, назіраецца дэградацыя і апустыньванне земляў на плошчы 120-130 км кв у раёне тэрыконаў (штучныя насыпы з «пустых» парод).

Злачынная бяздзейнасць

Спецыяліст арганізацыі «Зялёная сетка Беларусі» Ігар Куталоўскі канстатуе [інтэрв’ю 2015.06.18 – рэд], што з боку дзяржавы мэтанакіраваных і сістэмных дзеянняў ліквідацыі наступстваў, або па перадухілення дэградацыі земляў не праводзіцца.

 

Некалькі год таму грамадскасць пісала лісты ў Мінпрыроды з прычыны высечак ахоўных палос. Мінпрыроды нам казала, што, так, мы разумеем, міністр нам казаў, што ён некаму нешта там казаў. Але на нейкі высокі ўзровень гэта не падымалася, і ніякіх адэкватных дзеянняў не адбывалася. Як прыклад – Гомельская вобласць, дзе гэтых насаджэнняў высякалася найбольш – больш за ўсіх ад засухі цяпер і пакутуе. І такіх прыкладаў вельмі шмат. У нас жа штогод сухую расліннасць мэтанакіравана выпальваюць на палях, а дзяржава ніякіх дзеянняў, ніякай мэтанакіраванай інфармацыйнай кампаніі не праводзіць – дзесьці штосьці МНС, ці Мінпрыроды скажа.

Вы кажаце, няма інстытутаў і арганізацыяў, якія маглі б гэтым заняцца мэтанакіравана – а Інстытут глебазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук чым займаецца?

Яны праблему вывучаюць, у іх ёсць даклады, даследаванні аб тым, напрыклад, што на Палессі вельмі сурёзная сітуацыя, калі на паверхню выходзяць пяскі і цягнуць за сабою незваротныя наступствы. Але ўсё гэта ў выглядзе канстатацыі і гэтага не ўключаюць у нейкія праграмы. Вельмі шмат сродкаў траціцца ў адваротны бок, выкошваюць абочыны дарогаў. Ёсць жа меліярацыйныя сістэмы, дзе, калі прыйдзе засуха, трэба закрыць шлюзы, але ніхто гэтым чамусьці не займаецца. Такіх прыкладаў вялікае мноства. Ёсць балоты, якія натуральным чынам аднавіліся, узбагаціліся нейкай біялагічнай разнастайнасцю, падсілкоўваюць вільгаццю бліжэйшыя палі – але іх зноў раскарчоўваюць, высушваюць – і нічога не садзяць. І на такія дзеянні ва ўсёй краіне марнуюць мільярды. Дзяржкантролю, магчыма, варта паглядзець, ацаніць адэкватнасць гэтых дзеянняў, іх мэтанакіраванасць. Гэта ўсё вельмі сурёзна.

«Беларуськалій» сапраўды шкодзіць навакольнаму асяроддзю?

Так, канешне. Я ведаю, што самая вялікая праблема там – гэта засаленне. Солі ветрацца і разносяцца паўсюль. Ёсць такое паняцце, якое ўжо даўно распрацавана – экалагічная аптымізацыя тэрыторыі, калі ствараюцца сістэмы ахоўных лесанасаджэнняў, калі ўздоўж усіх вадасцёкаў і вадаёмаў – ахоўныя лесапалосы, калі ёсць ахоўныя зоны, калі ўсё гэта збалансавана. Калі балоты ня асушваюць, і, калі ёсць эканамічны сэнс – ліквідуецца лішняя вільгаць – а гэта зусім іншы падыход. А ў нас ідзе асушванне, у выніку чаго прырода пакутуе.

Вы паглядзіце, у нас цяпер знікла такая з’ява, як мясцовыя навальніцы, калі з раніцы, напрыклад, сонейка засвяціла, а да вечара сабраліся хмары і пайшоў дождж – выпарылася мясцовая вільгаць і побач жа і выпала. Зараз такая з’ява стала вельмі рэдкай – гэта кажа пра тое, што мы парушылі натуральныя працэсы. Наступствы могуць быць вельмі сурёзнымі.

 

Груба кажучы, калі праводзіць нейкія разумныя дзеянні – наступствы працы такога гіганта, як «Беларуськалій» можна нівеліраваць?

Вядома, але нічога для гэтага не робіцца ў прынцыпе. Ёсць жа вось гэтыя тэрыконы, якія стаяць, нічым не пакрытыя, хоць можна было бы якімі насаджэннямі іх прыкрыць – тэхналогіі гэтыя вядомыя. Наагул, любая сяльгастэрыторыя павінна аптымізіравацца з пункту гледжання аховы прыроды. Але, лічыцца, што гэта пакуль не трэба, маўляў, лішнія выдаткі, няма грошай.

Якая цяпер сітуацыя адносна паразы тэрыторый менавіта радыенуклідамі?

З пункту гледжання біяразнастайнасці, прырода наагул адпачывае ў тых месцах ад чалавека. У часы лясных пажараў можа быць міграцыя радыенуклідаў, аднак нейкіх уздзеянняў на бліжэйшыя тэрыторыі гэта не аказвае. З пункту гледжання прыроды тое, што мы атрымалі нейкую такую рэзервацыю – гэта нават добра. Калі ж будзе палітыка паскарэння асваення гэтых тэрыторый, то пачнецца зноў узворванне, пажараў стане больш, пачнецца ветравая эрозія – і міграцыя радыенуклідаў павялічыцца, і ў харчаванне іх стане трапляць яшчэ больш.

Што будзе, калі сітуацыя ў дачыненні дзяржавы да прыроды не зменіцца – які ваш прагноз?

Вільготнасць паветра ў нас ужо днём менш за 50% нават пасля дажджу, а бывае і 30, і 20 – для раслін гэта вельмі дрэнна. Фактычна, мы назіраем ператварэнне зямель у стэп. Калі зменіцца клімат на стэпавы – лес у стэпе не расце, а лес – гэта наша ўсё. Запусціцца цэлы каскад ланцужных рэакцый па змяненні клімату, і пачнуцца ўжо незваротныя наступствы. У нас ужо ідуць сурёзныя змены – ельнікі ўжо высыхаюць, дубровы. Пасля дэградацыі земляў могуць наступіць такія працэсы, наступствы якіх ужо немагчыма будзе ліквідаваць.

Яўген Балінскі для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары