Пінскія ДАІшнікі зарабілі $ 5 тыс на эвакуацыі аўтаў


Месяц таму для Пінску набылі адмысловы аўтамабіль на базе грузавіка МАЗ, які на сваёй платформе вывозіць прыпаркаваныя з парушэннямі легкавікі. Па інфармацыі мясцовага тэлеканалу «Вараг» з таго моманту было эвакуявана каля 150 легкавых аўтаў.

Працоўнікі ДАІ раяць пінчукам, якія не змаглі знайсці свой легкавік на прывычным месцы, не хвалявацца, а адразу тэлефанаваць у дзяжурную частку па тэлефоне 102. Хутчэй за ўсё, аўто знаходзіцца на штрафстаянцы. Каб забраць свайго «жалезнага каня» ягоны гаспадар як мінімум павінен будзе заплаціць 37 рублёў за паслугі эвакуатара, 5 рублёў за паслугі аўтастаянкі і яшчэ 21 рубель за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Калі падсумаваць гэтыя лічбы, то атрымаецца, што толькі на эвакуацыі аўтамабіляў пінская казна зарабіла за месяц 4821 долар ЗША. Нават, калі адняць выдаткі на арганізацыю гэтага бізнесу, то ўсё адно атрымліваецца неблагая сума.

ВМ, Пінск, belsat.eu

Стужка навінаў