«Пінскдрэў» – рабаўладальніцкае прадпрыемства». Рабочыя запісалі відэазварот з заклікам да байкоту


У суполцы «Рада рабочых Пінскдрэва – супраціў» ў сацыяльных сетках з’явілася відэа, на якім 4 мужчыны ў масках заклікаюць байкатаваць прадукцыю фабрыкі, бо яна «пранізана крывёю і слязьмі».

Па словах аўтараў звароту, «рабочых ператварылі ў рабоў, якія працуюць за капейкі».

«Карыстаючыся ўсеагульным беспрацоўем і галечай, што пануе ў Беларусі, нас змушаюць штодня губіць сваё здароўе ва ўмовах шкоднай вытворчасці і аварыйнага абсталявання. А незадаволеных запалохваюць звальненнем. У нас пастаянна работнікі становяцца калекамі, усе факты траўматызму старанна хаваюцца», – сцвярджаецца ў відэа.

Па словах аўтараў звароту, людзі на прадпрыемстве гінуць рэгулярна (сапраўды, толькі ад пачатку года на «Пінскдрэве» памерлі ўжо два чалавекі). У канцы відэа гучыць заклік да ўсіх (перш за ўсё да грамадзянаў Расеі) байкатаваць прадукцыю фабрыкі.

Як адзначаецца ў суполцы «Рада рабочых Пінскдрэва – супраціў» гэты зварот быў падрыхтаваны ўжо даўно, але не публікаваўся таму, што «мы спадзяваліся, што ў Пінскі гарадскі савет дэпутатаў увойде хаця б адзін годны чалавек» – Дзмітры Кудранок. Кудранок раней сам працаваў на «Пінскдрэве» і, паводле аўтараў звароту, менавіта ён «абудзіў у іх веру ў сябе і навучыў іх змагацца». Аднак выбары былі сфальсіфікаваныя, упэўнены ў «Радзе рабочых».

Дзмітрый Кудранок (1973 г.н.) сапраўды быў кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах. Ён зʼяўляецца сябрам Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», цяпер працуе на «Клімаўскім трубныя заводзе» (Падольск, Расея).

У «Радзе рабочых» сцвярджаюць, што апошняй кропляй для іх стала чарговая смерць на прадпрыемстве і адмова кіраўніцтва «Пінскдрэва» весці перамовы з рабочымі. Байкот, на думку аўтараў звароту, ударыць па кішэнях «рабаўладальнікаў» і прымусіць іх пайсці на саступкі.

Дырэктар па працы з персаналам «Пінскдрэва» Мікалай Трушко ў размове з «Нашай Нівай» назваў відэзварот паклёпам і паабяцаў звярнуцца ў суд. Паводле яго, відэа запісаў менавіта Дзмітрый Кудранок.

На дадзены момант belsat.eu чакае каментароў ад гендырэктара «Пінскдрэва» Аляксандра Судніка і экс-кандыдата ў дэпутаты Дзмітрыя Кудранка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў