Пінскага актывіста другі раз запар выклікаюць на размову ў пракуратуру

video

Дзмітрый Сергіевіч

Гэтым разам сустрэчу Дзмітрыю Сергіевічу прызначыў выконваючы абавязкі пракурора Васіль Гарыгляд.

«Супрацоўнікі міліцыі гэтым разам ужо прадставіліся, праўда дзіўна: за позву звычайна даюць распісацца, што мне яе ўручылі, а цяпер яны проста прадставіліся, далі позву, сказалі, што не трэба распісвацца, і сышлі», – распавёў Дзмітрый у размове з belsat.eu.

 

Позва з пракуратуры Дзмітрыю Сергіевічу

У позве не пазначана, ў якасці каго выклікаюць Дзмітрыя, і паводле якой справы.

Актывіст кажа, што позва можа быць звязаная з акцыяй 25 сакавіка. Праўда, ён не збіраўся ехаць у сталіцу.

«Позву прынеслі пасля 18, таму я ўжо нікуды не магу дазваніцца. Я пісаў дзве скаргі на папярэднюю позву – начальніку пінскай міліцыі і ў абласную пракуратуру. Я думаю, што заўтра будзе адно з двух: альбо выклікаюць праз скаргу альбо зноў папярэдзяць, каб не ехаў у Менск на 25 сакавіка. Я пайду даведаюся, чаго хочуць».

Дарэчы, на скаргу Дзмітрыя, што супрацоўнікі ўнутраных органаў не прадстаўляюцца належным чынам, адказалі. Паводле першага намесніка начальніка адзела ўнутраных справаў Пінскага гарвыканкаму, парушэнняў у дзеяннях міліцыянтаў не выяўлена.

Адказ на скаргу Дзмітрыя Сергіевіча

6 сакавіка актывіста выклікалі на размову з міжраённым пракурорам Людмілай Супрун. Тая афіцыйна папярэдзіла яго пра «недапушчальнасць супрацьпраўных дзеянняў». Варта адзначыць, што позву аформілі на бланку часоў БССР. На паперцы напісана, што ў выпадку няяўкі адрасат на падставе арт. 67, 146 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса БССР будзе дастаўлены па месцы назначэння ў прымусовым парадку.

11 сакавіка, калі ў Пінску праходзіў Марш недармаедаў, актывісту не далі магчымасці выйсці з дому. За некалькі гадзінаў да пачатку мерапрыемства пад яго домам зʼявілася міліцэйская машына. Міліцыянты «сядзелі ў засадзе» да канца акцыі, некалькі разоў званілі ў дамафон, нібыта «памылкова» – каб спраўдзіць, ці Сергіевіч удома.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары