Пінчук паскардзіўся на партрэт Лукашэнкі ў кабінеце суддзі. Што было далей?


Раман Бурэнка

Партрэт Лукашэнкі Раман Бурэнка ўбачыў у кабінеце суддзі Ленінскага раёну Берасця Алены Кавальчук. Актывіст прафсаюзу РЭП мяркуе, што ў кабінеце суддзі нельга вешаць партрэт кіраўніка Беларусі. Мужчына нават звярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд.

Адказ на свой зварот актывіст атрымаў ад старшыні Берасцейскага абласнога суда Тамары Сучок. У ім гаварылася, што партрэт кіраўніка дзяржавы ў службовым кабінеце суддзі – гэта тэхнічна абумоўленае афармленне.

«Можна па рознаму ставіцца да асобы прэзідэнта, – кажа прафсаюзны актывіст. – Аднак, згодна з артыкулам 15 Кодэкса «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў» на будынках Канстытуцыйнага Суда, судоў агульнай юрысдыкцыі, у службовых кабінетах суддзяў і г.д. змяшчаюцца герб і сцяг. Згодна з артыкулам 6 Канстытуцыі, дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь падзяляецца на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, і судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам. Чаму ў кабінеце суддзі вісіць партрэт кіраўніка выканаўчай галіны ўлады? Што гэта – “суд імём караля”?», – задае рытарычнае пытанне Раман Бурэнка.

«Атрымліваецца, што згодна з пазіцыяй Тамары Сучак – працягвае Раман Бурэнка, – ёсць нейкая тэхнічная неабходнасць і абумоўленасць пры афармленні службовых кабінетаў суддзяў. А калі я збіраю паштовыя маркі або коркі ад піва і пры здзяйсненні правасуддзя аформлю кабінет суддзі, заклеіўшы ўсе сценкі паштовымі маркамі або коркамі ад піва, то ў гэтым няма нічога дрэннага, паколькі гэта будзе тэхнічная абумоўленасць афармлення майго службовага кабінета?», – кажа мясцовы актывіст.

Паводле юрыста Аляксандра Жука, няма закону, які б абавязваў выкарыстанне партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Партрэт прэзідэнта да дзяржаўных сімвалаў не адносіцца. Але ёсць нейкія рэкамендацыі Адміністрацыі Прэзідэнта адносна размяшчэння партрэтаў. У юрыдычных базах іх няма і статусу нарматыўна-прававога акту яны не маюць. Яшчэ некаторыя міністэрствы, прыдумляюць уласныя рэкамендацыі. Гэтыя рэкамендацыі таксама не рэгіструюцца ў рэестры нарматыўна-прававых актаў, такім чынам, абавязковай сілы не маюць. Але падлягаюць выкананню ў сістэме міністэрства», – тлумачыць юрыст.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў