Пікет у Facebook? Суд прыняў нечаканае рашэнне ў дачыненні актывістаў


Фота, за якое судзілі Вольгу і Сяржука Верамеенкаў

Сямʼя Верамеенкаў прыйшлі ў гарадзенскі суд з рэчамі, бо надзеі на тое, што паседжанне скончыцца рашэннем іншым, чымся арышт, было мала. Хоць уся «віна» Сяржука і Вольгі заключалася ў тым, што яны сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам.

30 траўня суддзя гарадзенскага раённага суду Ленінскага раёну Руслан Гурын апраўдаў Сяргея ды Вольгу Верамеенкаў. Уся справа і «склад злачынства» былі надуманыя, але суд узяўся за разгляд.

Несанкцыянаваны онлайн-пікет з нацыянальным сцягам

Сяргей разам з жонкай Вольгай на сваіх старонках у Facebook змясцілі здымкі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі ды пазначылі подпісамі «У Гародні такія самыя, як Васіль!!!». Яны зрабілі гэта на знак салідарнасці з гомельскім актывістам Васілём Паляковым, якому прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту за тое, што выйшаў на акцыю з бел-чырвона-белым сцягам.

Неўзабаве на гэтыя здымкі зрэагаваў і вядомы гарадзенскім актывістам міліцыянт міліцыянт з аддзелу прафілактычнай працы лейтэнант Аляксей Вайцешка. Раней Вайцешка ўжо не раз складаў пратаколы на грамадскіх актывістаў ды незалежных журналістаў. Гэтым жа разам лейтэнант Вайцешка выступіў у ролі сведкі. А скласці пратакол даручыў свайму падначаленаму ўчастковаму Казлоўскаму. Са слоў Сяргея Верамеенкі ўчастковы не мог зразумець, як і навошта складаецца гэты пратакол ды казаў, што яму абыякава з якім яны сцягамі робяць здымкі.

Суддзя не ведаў як і за што судзіць актывістаў

25 траўня Сяргей ды Вольга з’явіліся ў гарадзенскі суд Ленінскага раёну, але судовае паседжанне ў гэты дзень не скончылася: «Суддзя Руслан Гурын, які таксама як і Вайцешка, вядомы палітычнымі прысудамі актывістам, рабіў пад час судовага паседжання перапынак на 15 хвілін, які зацягнуўся на паўгадзіны. Хіба раіўся са сваім начальствам, што яму з намі рабіць» – распавядае Сяргей Верамеенка.

Сяргею ды Вользе інкрымінавалі парушэнне заканадаўства згодна артыкула аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, таму Верамеенкі нават прыйшлі ў суд з рэчамі першай неабходнасці, перастрахоўваючыся, што ім могуць даць «содні».


МД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары