Пікет пад беларускай амбасадай у Парыжы. Фотаздымкі

photo

 

Парыжскія беларусы перадалі Паўлу Латушку патрабаванні да беларускага ўраду.

24 сакавіка ў пятніцу насупраць беларускай амбасады ў Парыжы (бульвар Сушэ, 38) прайшоў пікет супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Напярэдадні Дня Волі ў Парыжы прайшла акцыя на знак падтрымання беларусаў.

Пікет зладзілі парыжскія беларусы пры падтрыманні асацыяцыі «Новыя дысідэнты». Да беларусаў далучыліся таксама грамадзяне Расеі і Францыі, агулам каля 15 чалавек.

 

Удзельнікі акцыі выказалі падтрыманне затрыманым удзельнікам «Маршаў недармаедаў». Пратэстоўцы патрабавалі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі, вызваліць палітвязняў, выконваць правы чалавека, рэфармаваць палітычную сістэму і гаспадарку краіны.

 

Акцыя суправаджалася перформансам мастакоў Юліі Цёткі і Тома ван Рэгем.

Напрыканцы пікету пратэстоўцы зачыталі і перадалі Паўлу Латушку, надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Беларусі ў Францыі, зварот з асуджэннем рэпрэсіяў.

 

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, асуджаем арышты ўдзельнікаў масавых акцыяў пратэсту супраць Дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», а таксама арышты журналістаў незалежных медыяў, грамадскіх і палітычных дзеячаў.

Пратэсты супраць Дэкрэту №3, якія нядаўна прайшлі ў Менску, Гомлі, Берасці і іншых беларускіх гарадах насілі выключна мірны характар. Тым не менш, па паведамленнях праваабарончага цэнтру »Вясна«, без якіх-небудзь на тое законных падстаў было затрымана больш за 260 удзельнікаў пратэстаў. З іх 109 чалавек дагэтуль знаходзяцца ў турмах.
Мы лічым, што затрыманні грамадзянаў, якія мірна выказваюць сваё меркаванне, груба парушаюць правы чалавека. Дадзеныя дзеянні беларускіх уладаў падрываюць міжнародную рэпутацыю Рэспублікі Беларусь і пагражаюць міжнароднай супрацы краіны з Еўрапейскім Звязам і, у прыватнасці, з Францыяй.

Грамадзяне Беларусі маюць права свабодна выказваць сваё меркаванне.

У сувязі з вышэйсказаным, мы патрабуем: 

  • спыніць адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, бо гэта супярэчыць добраахвотна ўзятых на сябе абавязкам Рэспублікі Беларусь па абароне правоў чалавека;
  • забяспечыць права на свабоду сходаў і свабоду слова;
  • правесці эканамічныя і палітычныя рэформы ў краіне.

Просім Вася, як афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь, дапамагчы мірнаму і дэмакратычнаму дыялогу ў нашым грамадстве, перадаўшы нашы патрабаванні беларускаму ўраду».

Фота: Андрэй Вайтовіч

Глядзі таксама
Каментары