Актывіста «Legalize Belarus» судзілі за фэйкавы пікет. Міліцыя паверыла ў фоташоп


Сёння ў судзе выявілася, што міліцыя затрымала актывіста Пятра Маркелава за фота пікета, якое аказалася фотамантажом. Пратакол адправілі на дапрацоўку.

31 траўня на старонцы «Дзея» быў апублікаваны фотаздымак Пятра, які трымае на фоне будынку МУС плакат з патрабаваннем заблакаваць IP-адрас сайту МУС.

1 чэрвеня Пятра Маркелава затрымалі за пікет каля будынку МУС, тады ж і адбылося першае судовае паседжанне ў судзе Маскоўскага раёну ў Менску. Актывіста вінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. На паседжанні суддзя пастанавіла адправіць справу на дапрацоўку.

Маркелава адвезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе да сёння ён чакаў на новае судовае паседжанне.

Сёння суддзя Таццяна Мотыль, якая разглядала адміністратыўную справу, распачатую ў дачыненні Пятра Маркелава за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў», адправіла пратакол, складзены міліцыянтамі ў адносінах актывіста, на дапрацоўванне. Пётр Маркелаў вызвалены з-пад варты.

Маркелаў кажа, што гэта была спланаваная акцыя. Быў намер паказаць, што блакуецца сайтlegalize.by, што міліцыя займаецца не сапраўднымі злачынцамі, а вышукваюць у інтэрнэце фотаздымкі. Таксама ён хацеў звярнуць увагу на хібы беларускай судовай сістэмы.

«Сведкаў не было. Толькі на базе навіны на сайце the-village быў складзены пратакол», – кажа Маркелаў.

Чаму справа была накіраваная на дапрацаванне, а не зачыненая, актывіст не разумее, але звязвае з тым, што суд не хоча даваць нагоду думаць, што МУС можа памыляцца.

Пятра Маркелава пратрымалі 72 гадзіны ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Паводле Маркелава за гэты час кармілі толькі 4 разы.

«Было два сняданкі і яны давалі абед і вячэру адначасова з 15 да 16 гадзіны. Пасля 16 гадзіны ніякай ежы да ранку не было», – распавядае актывіст.

Нагадаем, што сайт Legalize Belarus быў заблакаваны 18 траўня. Міністэрства інфармацыі патлумачыла блакаванне сайту тым, што на ім былі размешчаныя матэрыялы, якія, паводле міністэрства, прапагандуюць ужыванне марыхуаны. Сайт legalize.by распавядаў пра дзейнасьць удзельнікаў кампаніі Legalize Belarus.

ГА, belsat.eu

 

Стужка навінаў