Пецярым затрыманым па справе аб тэракце ў Ніцы выстаўленыя абвінавачанні


Праваахоўныя органы Францыі выставілі афіцыйныя абвінавачанні пецярым затрыманым у справе аб тэракце ў Ніцы.

Пра гэта паведамляе «Le Figaro» са спасылкай на пракуратуру Парыжу.

Трое затрыманых – Шокры С., Махамед Уалід В. і Рамзі А. – абвінавачваюцца ў датычнасці «да забойства ў складзе арганізаванай групы паводле тэрарыстычных матываў».

Рамзі А. ды мужу і жонцы з Албаніі таксама выставілі абвінавачанні ў парушэнні закону аб зброі, звязанай з тэрарыстычнай дзейнасцю. Паводле версіі следства, яны далі зброю Мухамэду Ляўэжу Булелю (Mohamed Lahouaiej Bouhlel), з якога той страляў па паліцыянтах.

Усе пяцёра фігурантаў справы, якім выставілі абвінавачанні, застануцца пад вартай.

У Ніцы ўвечары 14 ліпеня тэрарыст на цяжкавіку ўехаў у натоўп людзей, якія святкавалі Дзень узяцця Бастыліі на набярэжнай. Загінулі 84 чалавекі, каля 200 пацярпелі.

Тэрарыст, які адкрыў агонь па паліцыянтах, быў застрэлены. Ён быў апазнаны як Мухамэд Ляўэж Булель – нарадзінец Тунісу, які пражываў у Ніцы. Раней Булель трапляў у поле зроку праваахоўных органаў за розныя правапарушэнні, але не падазраваўся ў экстрэмізме.

Сваякі Булеля катэгарычна адмаўляюць ягоную сувязь з ісламскімі экстрэмістамі. Пры гэтым яны заявілі, што ў Булеля былі праблемы з псіхікай, і ён назіраўся ў лекара.

Пасля тэракту паліцыя затрымала шэсць чалавек, якія ўваходзілі ў блізкі круг зносінаў Булеля. Імёны затрыманых ды іншыя падрабязнасці ў інтарэсах следства не паведамляліся.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў