Перыяд паўраспаду. Як «рэстаўруюць» унікальны Гальшанскі замак


Калісьці велічны замак Сапегаў канца XVI – пачатку XVII стагоддзяў, які месціцца ў славутай вёсцы Гальшаны, цяпер знаходзіцца ў крытычным стане. Хоць замак і з’яўляецца абʼектам Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, сучасны стан помніка крытычны.

Спадчына, якую мы губляем

Дэ-юрэ помнік знаходзіцца ў стане кансервацыі. На справе ўвесь комплекс толькі абнесены металёвым плотам, але кожны жадаючы можа патрапіць на тэрыторыю комплексу. Гэта пагражае тым, што могуць знайсціся ахвотныя «пажывіцца» старажытнай цэглай.

У 2009 годзе было абвешчана пра пачатак рэстаўрацыі замку. У першую чаргу планавалася аднавіць адну з вежаў – паўночную, дзе павінен паўстаць музей.

«Сітуацыя з Гальшанскім замкам у сваім родзе не адзіная ў Беларусі. Прыняты план рэстаўрацыі паўночнай вежы замку прадугледжвае зрабіць там невялікую экспазіцыю. Але выглядае гэта так: паставілі будаўнічыя рыштаванні і бетонамяшалку, што цалкам супярэчыць правілам рэстаўрацыі, таму што павінен быць вапнавы раствор», – гаворыць гісторык Сяргей Герман.

Наш суразмоўца абураны і тым, што «рэстаўратары» не ўлічваюць каштоўнасць скляпенняў і падземнага ходу да кляштара, хоць сутарэнні таксама маглі б паспрыяць у будучыні прыцягненню турыстаў, На думку Сяргея Германа, найлепшы крок цяпер – закансерваваць тое, што яшчэ не разбуранае.

«Што ў Гальшанах зрабілі? Расчысцілі муры і абнеслі іх агароджай, каб не лазілі. Наіўныя і дурныя! Гара цэглы-пальчаткі (старажытныя цагліны з характэрнымі барознамі – belsat.eu) ляжыць за замкам, а каля яе куча іншага смецця. Штогадовыя фэсты садзейнічаюць яшчэ большаму разбурэнню, – падкрэслівае гісторык. – Яшчэ габрэйская камяніца, якая таксама хутка можа згубіцца. Кляштар разбураецца. Мясцовыя ўлады ніяк на гэта не рэагуюць адмыслова. Хутка прыйдзецца ставіць шыльду не «гісторыка-культурная каштоўнасць», а «тут знаходзілася гісторыка-культурная каштоўнасць».



На тэрыторыі замку ёсць некалькі вялікіх кучаў, куды пазвальвалі старажытную цэглу-пальчатку. На зямлі валяюцца кавалкі керамічнага посуду.

Узрывалі муры, каб прадаць цэглу

Гальшанскі замак – адзін з самых прыгожых будынкаў Вялікага Княства Літоўскага, які па знешняму выгляду нагадваў галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам, быў своеасаблівай загараднай рэзідэнцыяй.

Спачатку замак належыў славутаму роду Сапегаў, але з другой паловы XVII стагоддзя замак пачынае пераходзіць з рук у рукі. Шмат разоў ён быў пашкоджаны падчас войнаў. У 1880 годзе замкам валодае Гарбанёў, які пачынае брутальна ўзрываць сцены і вежы, а магутныя муры разбіраць на цэглу і прадаваць. Менавіта гэтыя дзеянні сталі пачаткам руйнавання замка.

Замак неаднаразова перабудоўваўся. Менавіта гэта і стала прычынай кардынальных зменаў вонкавага выгляду палаца. Былі страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сценаў. Прыбудаваныя да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў дзве пяцігранныя вежы.

У перыяд з 1981 па 1983 гады праводзіліся даследаванні помніка архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры і было пастаноўлена, што замак прадстаўляе 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца цэглай, вапнавым растворам і тэхнікай муроўкі. Яшчэ пазней на тэрыторыі замку адбываліся археалагічныя даследаванні.

Цяпер замак знакаміты славутым Гальшанскім фэстам. І, на жаль, псеўдарэканструкцыяй.

Мікалай Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў