Першыя бязвізавыя турысты наведалі Беларусь

video

З 12 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў, якія прыбываюць у нацыянальны аэрапорт «Менск».

Турыст з Варшавы Томаш Ксязэк апошні раз быў у Беларусі яшчэ за савецкім часам ды ў Менск прыляцеў упершыню.

«З візаю прыезду не разглядаў, бо гэта складаны працэс, не хацеў замарочвацца. Але як толькі даведаўся, што можна прыехаць без візы… Напэўна, такіх, як я, будзе больш».

Немец Ёзэф Бэкаф у Беларусі бываў шмат разоў. Ён адзін з нямногіх, хто не ведаў пра новыя правілы ды зрабіў беларускую візу перад прылётам, заплаціўшы 120 еўраў. Новаўвядзенне яго вельмі ўсцешыла.

«У вас цудоўная краіна, цудоўныя людзі, прыгожыя жанчыны. Я сапраўды шчаслівы, што прыехаў у Беларусь».

Улады спадзяюцца, што ў сувязі з увядзеннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80-ці краінаў, у тым ліку для ўсіх дзяржаваў Еўразвязу, турыстычная плынь праз год павялічыцца на 10–20 адсоткаў.

Гаворыць Валянцін Цэхмейстэр, дырэктар Саюзу турыстычных арганізацыяў

«Дзесьці праходзіць 2–3 месяцы пасля новаўвядзення, пасля таго, як яно робіцца вядомае за мяжой. А яшчэ трэба час, каб пра гэта даведаліся грамадзяне. Не кожны ж іх ведае, што адбываецца ў амбасадах».

Тым часам Расея, з якой у Беларусі няма мяжы, ужо адрэагавала на новаўвядзенне беларускага боку, ствараючы памежныя пункты. Днямі расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў патлумачыў захады Крамля неабходнасцю папярэдзіць пранікненне ў краіну баевікоў «Ісламскай дзяржавы»:

«У нас ёсць рэальныя асцярогі, што, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам уезду ў Рэспубліку Беларусь, супраць чаго мы зусім нічога не маем, гэтыя нядобрыя людзі перасядуць на цягнік або самалёт у Расею і могуць зрабіць нейкія непрыемныя рэчы».

Увядзенне памежнай зоны з Бранскай, Пскоўскай і Смаленскай вобласцямі Расеі на мінулым тыдні пракаментаваў і кіраўнік Беларусі – падчас свайго выступу на вялікай прэс-канферэнцыі для журналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці.

«Разумееце, гэта ж можа выліцца ў сурʼёзны канфлікт. Мы ж не дамовіліся, як будзе на мапе праходзіць мяжа, на мясцовасці. Толькі пасля гэтага трэба ўсталёўваць нейкія знакі ды пункты. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кусок чужой мяжы».

Ува што выльецца гэты канфлікт, пытанне пакуль адкрытае. У Крамлі супакойваюць: маўляў, для грамадзянаў Беларусі і Расеі нічога не зменіцца, дастаткова будзе мець на мяжы пры сабе пашпарт. Некаторыя ж адмыслоўцы тлумачаць крокі Крамля не столькі пяцідзённым бязвізавым рэжымам для наведання Беларусі замежнымі турыстамі, колькі харчовымі ды нафтагазавымі войнамі, якія апошнім часам не сціхаюць паміж Менскам і Масквою.

Аб'ектыў выданне ад 12.02.2017 from Belsat on Vimeo.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары