Першы ў Беларусі блышыны кірмаш праходзіць у Горадні


 

Адна з мэтаў «Кірмашу», паводле арганізатараў, – прышчапіць беражлівае стаўленне да матэрыяльнай культуры.

Каля 100 калекцыянераў з усёй краіны з’ехаліся ў Горадню на «Кірмаш даўніны», які адчыніўся ў суботу 29 красавіка.

Нішто так не перадае атмасферу мінулага, як старыя рэчы, якія, як і людзі, маюць свае гісторыі – часам нават больш цікавыя і захапляльныя. Блышыныя рынкі – рай для калекцыянераў, аматараў антыкварыяту дый проста ўсіх цікаўных. Ніколі не вядома якая рэч прымусіць спыніцца, узяць яе ў рукі і задумацца, кім быў яе былы гаспадар. На жаль, калекцыянерам у Беларусі на падобныя кірмашы трэба ехаць у бліжэйшыя Польшчу, Украіну або Расею.

Першы блышыны кірмаш у Горадні будзе працаваць усе выходныя.

Гарадзенскія калекцыянеры вырашылі зладзіць свой блышыны кірмаш. На першы двухдзённы «Кірмаш даўніны», які праходзіць у будынку былога Палацу тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы, прыехалі калекцыянеры з усёй краіны.

«Справа ў тым, што традыцыя збірання калекцыйнага матэрыялу ў нас вельмі даўняя. Але акрамя калекцыйнага матэрыялу ёсць прадметы побыту, рэчы якіх у людзей вельмі шмат, але яны не ведаюць куды іх падзець, – кажа арганізатар кірмашу, гарадзенскі калекцыянер Віктар Какарэка. – У Еўропе гэта робіцца вельмі проста: там існуе блышыны рынак, які дзее стала, куды прыносяць старыя рэчы. Хтосьці купляе, хтосьці прадае. У Польшчы падобныя біржы існуюць у больш чым сарака гарадах».

«Праз мяжу пусцяць – не перажывайце»

Спадар Віктар сцвярджае, што першасная мэта выставы – папулярызаваць збіранне старых прадметаў, прышчэпліваць беражлівае да іх стаўленне і, па-магчымасці, зацікавіць імі турыстаў.

«Напрыклад камусьці захочацца мець нейкі сувенір. А ёсць у нас не толькі гарадзенцы, але і тыя хто прыязджаюць з іншых краінаў. Вось толькі што група палякаў і літоўцаў прайшла, яны таксама могуць паглядзець ці нешта купіць. А ці праз мяжу пусцяць? Пусцяць – не перажывайце. У часы працы кірмашу побач у Гісторыка-археалагічным музеі дзяжурыць мастацтвазнаўца, які выпісвае дазвол на вываз старых прадметаў, калі яны не з’яўляюцца вельмі каштоўнымі. Такіх у нас у прынцыпе няма».

Што тычацца замежных турыстаў, то двое літоўцаў парадавалі аднаго з калекцыянераў пакупкай двух тамоў псалтыра Мікалая ІІ.

Гандляваць савецкімі медалямі (у тым ліку медалямі БССР) у Беларусі забаронена – фалерыстам даводзіцца разглядаць збольшага польскія ўзнагароды.

Мінаючы столікі са старымі артэфактамі можна наткнуцца на даўнія манеты, альбомы са старымі банкнотамі, паштоўкі часоў Другой сусветнай, модныя ў савецкі час фарфоравыя фігуркі, значкі, і гадзіннікі.

На «Кірмаш» прыехалі калекцыянеры з Берасця, Барановіч, Бабруйску, Гомля, Віцебску, Магілёва, Ліды ды іншых беларускіх гарадоў. Замежных калекцыянераў на першым кірмашы не было, аднак арганізатары спадзяюцца, што ў будучыні імпрэза стане міжнароднай.

Арганізатары «Кірмашу» кажуць, што блышыны кірмаш – месца, дзе можна набыць і прадаць не толькі калекцыйны матэрыял, але і звычайныя рэчы побыту, «якія людзі не ведаюць куды падзець».

Блышыны кірмаш у Горадні будзе працаваць да вечара 30 красавіка.

Паўліна Валіш; фота: Аляксандр Бурачок

Стужка навінаў