Намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкаму незаконна набыў кватэру для сына


Службовая асоба Шумілінскага райвыканкаму абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады.

З гэтай нагоды распачалі крымінальную справу, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці.

Крымінальная справа за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў распачатая пракурорам у адносінах да першага намесніка старшыні Шумілінскага райвыканкаму. Падставай для гэтага сталі вынікі праверкі КУП «Шумілінскі райаграсервіс», якую сёлета спецыялісты КДК правялі сумесна з абласным упраўленнем Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Праверка выявіла, што на даручэнне чыноўніка працаўнікамі «Шумілінскага райаграсэрвісу» у красавіку 2014 года была заключаная з ім дамова найму памяшкання камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду – трохпакаёвай кватэры. Фактычна кватэра здавалася з парушэннем патрабаванняў: чыноўнік не меў права займаць памяшканне.

Далей неабгрунтавана змянілі наймальніка і заключылі адпаведную дамову найму. А затым памяшканне і ўвогуле было прададзенае сыну намесніка старшыні, які не меў на жыллё ніякіх правоў, бо не зʼяўляецца працаўніком аграсервісу.

«У выніку гэтых дзеянняў нанесеная істотная шкода правам і законным інтарэсам грамадзянаў, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоваў. Таксама нанесеная шкода дзяржаўным інтарэсам – жылое памяшканне незаконна выведзенае з дзяржаўнага жыллёвага фонду. КУП «Шумілінскі райаграсервіс» за парушэнне заканадаўства аштрафаванае на 200 базавых велічыняў (цяпер адна базавая складае Br 21) », – падкрэслілі ў камітэце.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў