Першы беларуска-ангельскі слоўнік у малюнках прысвецяць мовазнаўцу Змітру Саўку


Выдатным падарункам на Дзень Дзяцей можа стацца нашая з вамі інвестыцыя ў іхныя веды. Напоўніцу ідзе рыхтаванне да друку першага беларуска-ангельскага ілюстраванага слоўніка.

Навука праз забаву

Кожнаму слову адпавядае малюнак. І дзякуючы такому спалучэнню слова запамінаецца лепш. «Наш дом / Our Home» – гэта слоўнік, які мае вучыць праз забаву. Малыя без гульні за навуку і не возьмуцца. А старэйшыя дзеці і дарослыя з візуальным успрыняццем свету – палегчаць сабе задачу, калі ангельскія словы будуць вучыць пры дапамозе выяваў.



Працоўная версія старонкі «На кухні»

Ідзе руплівая праца над макетам асноўных старонак. Зроблена 75 %, вокладка – яшчэ ў распрацоўцы. За кантэнтнае напаўненне адказваюць магістры гуманітарных навук, лінгвісты-перакладчыкі Алена Ялавенка і Наталя Зенька. У выніку пабачым каляровае выданне са словамі і злучэннямі, найбольш патрэбнымі ва ўжытку, бо ўсе яны вакол нашага дому.

Сярод 44 тэмаў будуць «Часткі будынка», «У падʼездзе», «Ля падʼезда», «Каля хаты», «У вітальні», «У спальні», «У ванным пакоі», «На кухні», «Рамонт», «Хатнія жывёлы» ls інш. Яшчэ прынамсі 20 старонак зойме беларускі і ангельскі гласар (апроч саміх словаў з нумарамі старонак размяшчэння там будзе і транскрыпцыя словаў).



Працоўная версія старонкі «Каля хаты»

Кіраўніца праекту і суаўтарка слоўніка Алена Ялавенка перакананая, што кніжка станецца папулярнаю пасля зʼяўлення на паліцах крамаў: «Для Беларусі гэта непаўторнае выданне. Пра ягонае рыхтаванне ведаюць не ўсе, і нам важна, каб даведаліся, бо гэта зробіць кнігу таннейшаю. Мы прыцягнулі сродкі для друку 500 асобнікаў. Пры такім накладзе кошт аднаго асобніка перавысіць $ 5. Назбірай мы грошай на выпуск 1000 асобнікаў, кожны экзэмпляр патаннее на чвэрць».

«Наш дом» шукае фундатараў

Гэта азначае, што беларуская родная мова і ангельская міжнародная стануць даступныя і менш забяспечаным карыстальнікам. Таму суаўтаркі Алена і Наталля па-за працаю над макетам займаюцца і краўдфандынгам праекту «Наш дом / Our Home». Грошы на 500 асобнікаў збіралі праз платформу talaka.by, дзе дапамагалі выключна фізічныя асобы. Цяпер праект збірае дадатковыя сродкі на слоўнік праз платформу MaeSens і змагаецца за перамогу ў фінале конкурсу Social Weekend 7.



Праект «Наш дом» у фінале конкурса Social Weekend

Ужо 4-га чэрвеня журы абяруць праекты-пераможцы і менавіта тыя ініцыятывы змогуць разлічваць на падтрыманне.

Слоўнік прысвецяць Змітру Саўку

Давер да выдання ствараюць імёны, якія за ім стаяць і ў яго вераць. Натхняльнікам на стварэнне «Нашага дому» быў мовазнавец Зміцер Саўка. «Яшчэ ў 2002 годзе Наталя абмяркоўвала са спадаром Змітром, што падобнага двухмоўнага слоўніка з замежнай мовай у Беларусі няма. – узгадвае Алена Ялавенка. – Спадар Зміцер вітаў нашую працу па стварэнні слоўніка і быў згодны пры неабходнасці даваць свае моўныя кансультацыі. Калі напачатку 2016 года я паведаміла яму, што мы талакой сабралі грошы на 500 асобнікаў, ён сказаў: «Значыць, вы на правільным шляху»».



Зміцер Саўка

Вядомы і любімы ў беларускамоўным асяродку мовазнавец адышоў з жыцця і не стаўся навуковым кансультантам выдання, але менавіта яму будзе прысвечаная гэтая кніга, якая выйдзе сёлета ў жніўні.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў