Першая ў гісторыі кандыдатка на пасаду кіраўніка ЦРУ. Хто яна?


Як правыя, гэтак і левыя палітыкі ў Сенаце ЗША пачалі рэзка крытыкаваць прапанову прэзідэнта Дональда Трампа прызначыць Джыну Гэспэл у якасці будучай кіраўніцы Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення. Што выклікала буру, і хто жанчына, якая можа ачоліць самую магутную спецслужбу свету?

Бура

Учора аўтарытэтны сенатар-рэспубліканец Рэнд Пол заявіў, што будзе блакаваць прызначэнне Джыны Гэспел. У гэтым правы лібертарыянец нечакана далучыўся да часткі сваіх традыцыйных апанентаў з Дэмакратычнай партыі, якія сустрэлі кандыдатуру Гэспэл рэзкай крытыкай, бо шукаюць галасы сярод амерыканскіх меншасцяў, у тым ліку рэлігійных.

Прычына – падзеі кастрычніка-снежня 2002 году, калі прафесійная разведчыца ачоліла рэзідэнтуру ЦРУ ў Тайландзе, у выніку чаго разам з астатнімі «актывамі» пад яе кіраўніцтвам аказалася адна з таемных турмаў амерыканскай выведкі.

З той жа прычыны шматлікія амерыканскія СМІ, у тым ліку New York Times і CNN, былі ў гэтыя ж дні вымушаныя выправіць свае сюжэты і навіны, у якіх згадвалася Гэспэл. Справа ў тым, што левыя СМІ неаднаразова прыпісвалі Гэспэл кіраўніцтва турмой у той час, як там «інтэнсіўна дапытвалі» Абу Зубайда – аднаго з інструктараў баевікоў-ісламістаў.

У выніку аказалася, што ісламіста катавалі не ў той час, калі турма была ў сферы адказнасці Джыны Гэспэл. Абу Зубайд дагэтуль застаецца ў амерыканскай вайсковай турме Гуантанама, а ў Іарданіі прыгавораны да смяротнага пакарання за планаванне тэрактаў.

«Чорныя турмы»

Адразу пасля маштабных тэрактаў ісламскіх тэрарыстаў супраць ЗША 11 верасня 2001 году ЦРУ арганізавала некалькі «чорных турмаў», дзе ў дачыненні да схопленых тэрарыстаў выкарыстоўваліся катаванні.

Гэтыя турмы дзейнічалі не на тэрыторыі ЗША, а схопленыя тэрарысты не лічыліся ваеннапалоннымі. Такім чынам на схопленых не распаўсюджвалася і амерыканскае цывільнае заканадаўства, і Жэнеўская канвенцыя па абыходжанні з палоннымі жаўнерамі.

Постэр ці не самы вядомага серыялу пра ЦРУ – «Радзіма»

У кастрычніку-снежні 2002 году Гэспэл акурат кіравала аперацыямі ЦРУ ў Тайландзе, дзе пад яе кантролем знаходзілася «чорная турма» ЦРУ, і дзе з выкарыстаннем «пашыраных метадаў допытаў» апрацоўвалі баевікоў і агентаў ісламісцкай сеткі «Аль-Каіда» і тых, хто з імі супрацоўнічаў.

У той час гэтыя метады лічыліся, згодна з афіцыйнай пазіцыяй ЗША, легальнымі.

Аднак для Трампа і ягоных прыхільнікаў катаванні тэрарыстаў не самая вялікая праблема. Трамп неаднаразова выказваўся за тое, што для абароны амерыканскіх грамадзянаў можна выкарыстоўваць амаль любыя сродкі.

Прызначэнне

Раней Трамп прызначыў новага галаву Дзяржаўнага дэпартаменту – Майка Пампеа, які, такім чынам, вызваліў пасаду дырэктара ЦРУ. На гэтую пасаду Трамп прапанаваў Джыну Гэспэл, пра што і напісаў у сваім твітэры.

«Джына, дарэчы, якую я вельмі добра ведаю, і з якой я вельмі шчыльна супрацоўнічаю, будзе першай жанчынай-дырэктарам ЦРУ. Яна выбітная асоба», – сказаў на гэтым тыдні Трамп журналістам.

Гістарычны цяпер ужо твіт Трампа

Цяпер прызначэнне павінен зацвердзіць Сенат ЗША, некаторыя прадстаўнікі якога ўжо патрабуюць рассакрэчвання важных дэталяў біяграфіі Джыны Гэспэл, пра апошнія 33 гады жыцця якой амаль нічога невядома грамадскасці.

Прафесіянал з досведам перамогі над Масквой

Сур’ёзныя пытанні да новага дырэктара могуць узнікнуць не ў сувязі з яе недастатковымі ведамі ці досведам – гэта дакладна. Джына Гэспел пачала супрацоўніцтва з ЦРУ ў 1985 годзе, калі ёй было 28-29 год, працавала пад прыкрыццём у Цэнтральнай Еўропе, Турцыі і Сярэдняй Азіі, са звычайнага аператыўніка паднялася да кіраўніцтва цэлымі рэзідэнтурамі.

Такім чынам, яна ведае працу ЦРУ ад самага нізу, і наўрацці яе можна здзівіць новымі абавязкамі. Больш за тое, яна, відавочна, мае досвед працы як супраць ісламскага тэрарызму, гэтак і супраць савецкага КДБ і вайсковай выведкі – і прыклала руку да перамогі Захаду ў Халоднай вайне. Гэтая памяць і веды могуць быць карыснымі ёй у сітуацыі, калі Пентагон называе Кітай і Расею сваймі асноўнымі супернікамі.

Медаль выведкі за заслугі атрымліваюць тыя супрацоўнікі ЦРУ, хто «выканаў асабліва каштоўную службу, або за дзеянне ці дасягненне значна вышэйшае за звычайнае выкананне абавязкаў»

«Гэспэл – прафесіянал з прафесіяналаў», – піша CNN, цытуючы аднаго з супрацоўнікаў ЦРУ. Яна атрымала некалькі дзяржаўных узнагарод, у тым ліку Медаль разведкі за заслугі і Прэзідэнцкую ўзнагароду – найвышэйшую невайсковую ўзнагароду ЗША.

Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне… Зямлі?

ЦРУ хіба што не самая вялікая і магутная вонкавая выведка нашай планеты. Яна мае бюджэт у $12,8 мільярдаў і каля 20 тыс. афіцыйных супрацоўнікаў.

Трафей і памяць пра перамогу ў таемнай вайне. Часткі Берлінскай сцяны ў якасці помніка каля штаб-кватэры ЦРУ. wikimedia.org

Пад ейным кантролем дзейнічаюць разведвальныя спадарожнікі і беспілотнікі, групы спецыяльнага прызначэння, агенты штатныя і пазаштатныя, аналітыкі і следчыя, армія кантрактнікаў – супрацоўнікаў прыватных ваенных кампаніяў, тэхнічных спецыялістаў і хакераў.

Абʼекты і базы ЦРУ знаходзяцца ва ўсіх рэгіёнах Зямлі, асабліва там, дзе вядзецца вайна супраць тэрарызму.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў