Першая ў Беларусі выстава, прысвечаная свабодзе слова адкрылася ў Горадні


На пачатку 2000-х Гарадзеншчыну празвалі «зонаю рызыкі». Менавіта тут пачаліся першыя «зачысткі» незалежных СМІ: закрыццё непадкантрольных дзяржаве газет, а таксама першыя выпадкі зняволення журналістаў. Рэпрэсаваныя ў свой час газеты, а таксама асобы, якія іх стваралі сталіся героямі выставы «Непадцэнзурная Горадня. 1983-2018», якая адкрылася ў Цэнтры гарадскога жыцця 12 сакавіка.

Газеты, якія абуджалі думку

Адкрыццё выставы “Непадцэнзурная Гародня. 1983 – 2018” у Цэнтры гарадскога жыцця

Вірлівы час перабудовы абудзіў хвалю грамадскай актыўнасці і веру ў свабодную непадцэнзурную журналістыку. Менавіта газеты былі тады галоўным рупарам свабодных навінаў, якія выхоўвалі і адукоўвалі новых постсавецкіх людзей. Выстава ўзгадвае такія выданні, як «Рэанімова», «Пагоня», «Біржа інфармацыі», «Рэпарцёр» ды інш. Кіёскі стракаталі шматлікімі выданнямі, а перад імі выстройваліся даўжэзныя чэргі.

«Калі мы заканчвалі факультэт журналістыкі, мы ўсведамлялі, што газетчыкі – гэта вельмі грунтоўная спецыяльнасць. Мы, нібыта, угадалі, што неўзабаве прыйдуць часы, калі журналісты стануць уладарамі думак. Я сам прыехаў у 84-м годзе і пачаў працаваць у «Гродзенскай праўдзе». Гэта былі самыя глухія часы. Газеты былі не цікавыя, зашпіленыя на ўсе гузікі. Ніколі не думаў, што штосьці памяняецца. Памянялася, потым вярнулася назад. Але ў любым выпадку, час газет ужо мінуў», – кажа Сяргей Астраўцоў, журналіст «Радыё Свабода».

Некалі Сяргей Астраўцоў разам з Сяргеем Дубаўцом выдавалі ў Слоніме альманах «Набойні». Тады адразу пасля заканчэння журфака БДУ, маладых журналістаў узялі на вайсковы зборы. Аўтары альманаху высмейвалі армейскія парадкі і вайсковую штодзённасць. Гісторыя захавала толькі некалькі старонак самвыдату.

Ліквідацыя незалежнай прэсы ў Горадні

Выстава закранае такія балючыя пытанні гарадзенскай журналістыкі, як закрыццё незалежных газет і турэмныя тэрміны для журналістаў між іншым за нібыта «абразу» Лукашэнкі. У гэтым спісе першая – газета «Пагоня». 9 верасня 2001 года ў Беларусі прызначаюцца другія ў гісторыі краіны прэзідэнцкія выбары. Журналісты рыхтуюць адмысловае выданне газеты накладам 80 тысячаў. Нумар аддадзены ў гарадзенскую друкарню, але не паспявае пабачыць свет. У друкарню ўрываюцца супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі і спецслужбаў. Друк сарваны. У той жа вечар адбываецца ператрус у рэдакцыі.

Некалькі тэкстаў перадвыбарчага нумару выклікаюць асаблівую ўвагу органаў. Заведзеная крымінальная справа з нагоды «паклёпу ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У лістападзе 2001 Вышэйшы гаспадарчы суд ліквідуе газету. Судовы працэс у дачыненні журналістаў, які пачаўся ў траўні 2002г. выклікае вялікую ўвагу ва ўсім свеце: прадстаўнікі ЗША, Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Вялікай Брытаніі, Польшчы штодзённа прысутнічаюць на судзе. Дзясяткі і сотні людзей прыходзяць пад будынкі суда Ленінскага раёну ў Горадні. Адбываюцца шматлікія акцыі пратэсту. Журналісты «Пагоні» разам з адвакатамі і праваабаронцамі адчайна змагаюцца за сваю свабоду. Але рашэнне прынята: Мікола Маркевіч асуджаны да 2,5 гадоў абмежавання волі, Павел Мажэйка да 2 гадоў.

Мікола Маркевіч, былы рэдактар газеты “Пагоня”

Чарговая пацярпелая газета -«Біржа інфармацыі», якая пачала працаваць з 1998 г. Аднак 17 кастрычніка 2004 г. у Беларусі адбываецца сумнавядомы «рэферэндум», які здымае здымае абмежаванні па прэзідэнцкіх тэрмінах і дазваляе балатавацца Лукашэнку на чарговых выбарах.

Былая рэдактарка газеты “Біржа інфармацыі” Алена Раўбецкая

У верасні гэтага ж года рэдактарка «Біржы інфармацыі» Алена Раўбецкая піша калонку ў газеце, якую называе «Здрада імем народа». Пракуратура заводзіць справу за «абразу прэзідэнта». І суд прызнае, што Алена Раўбецкая «абразіла гонар і годнасць» кіраўніка дзяржавы. На шчасце, справа заканчваецца штрафам. На ахвяру ўлады вызначаюць «Біржу інфармацыі». 24 лістапада 2004 г. міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч сваім рашэннем прыпыняе выхад газеты на тры месцы. Пасля амаль год друкарні Беларусі адмаўляюцца друкаваць газету. У лістападзе 2005 года аддрукаваны ў Смаленску (Расія) наклад газеты трапляе да чытачоў у Горадні апошні раз. «Біржа інфармацыі» спыняе сваё існаванне.

«Вельмі б хацелася, каб гэтая выстава трапіла ва ўніверсітэты. Каб моладзь зразумела, што мы мелі і што ўсё гэта ёсць. Што ўсё гэта рэальна і натуральна для чалавека – быць свабодным. Я заўсёды ўзгадваю, што калі праходзілі суды над газетамі, прыходзілі не толькі журналісты, прыходзіла велізарная колькасць гарадзенцаў, прыходзілі дзяды, ветэраны вайны з усім сваім іканастасам медалёў. Свабода не нарадзілася ў 90-х, а потым памерла, яна жыве ў чалавеку заўсёды», – кажа былая рэдактарка Біржы інфармацыі Алена Раўбецкая.

Акрамя журналістаў, выстава закранае справы, у якіх фігуруюць людзі, якія таксама пацярпелі за «абразу прэзідэнта». Адна з іх «Справа Леванеўскі-Васільеў».

У сярэдзіне 2000-х Горадню і ўсю Беларусь скаланулі акцыі пратэсту і страйкі прадпрымальнікаў, якіх улады ў чарговы раз паспрабавалі зацугляць. У той час пратэстамі прадпрымальнікаў кіравалі гарадзенцы Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў. 1 траўня 2004 г. Валеры Леванеўскі быў арыштаваны ў Горадні на мітынгу, удзельнікі якога патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Асуджаны да 2 гадоў зняволення разам з Аляксандрам Васільевым. Суд прызнаў іх вінаватымі ў нясенні публічнай абразы Аляксандру Лукашэнку.

Суарганізатарка выставы Вольга Корсун

«У самыя змрочныя часы заўсёды знаходзіліся людзі, якія жылі і былі свабоднымі, змагаліся за гэта права. Мы прысвячаем гэту выставу стагоддзю абвяшчэння БНР, таму што менавіта яна фактычна стала падмуркам да незалежнасці сучаснай Беларусі і яе дэмакратычных каштоўнасцяў, у тым ліку і свабоды слова. І канешне гэту выставу мы прысвячаем у першую чаргу людзям, якія ўмеюць марыць. Гэта тыя дзяўчаты і хлопцы з гарадзенскага філфака, якія ў 1983г. яшчэ ў савецкія часы не пабаяліся і рызыкнулі выдаваць ва ўніверсітэце непадцэнзурны часопіс «Містыка». Гэта тыя людзі, якія ў 90-я гады марылі пра свабодную і незалежную Беларусь і рабілі ўсё для таго, каб гэта адбылося і каб у Горадні жыла сапраўдная журналістыка», – кажа журналістка і арганізатар выставы Вольга Корсун.

Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom, Цэнтр гарадскога жыцця і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Паглядзець яе можна ў Цэнтры гарадскога жыцця да 3 красавіка.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў