Першамай у Горадні: афіцыёз, балонікі ды праваслаўны спецназ


Пачуць прамовы і з’есці шашлык можна было ў парку, прабегчы чатыры кіламетры ды пацягаць гіру – на беразе Нёмана.

Афіцыйная частка гэтым разам праходзіла на летняй пляцоўцы парку Жылібера, а не каля помніка Леніну, як звычайна. Там узнагароджвалі арганізацыі, лепшых працаўнікоў горада ды цэлыя працоўныя дынастыі.

Пах шашлыку, салодкая вата, міліцыя на кожным кроку… Затое, ужо надзіва для Беларусі, мітынг прайшоў без турнікетаў і даглядаў. Зусім поруч – выстава калекцыянераў. Дзе-нідзе сярод зорак, арлоў ды сярпоў з молатамі вока магло злавіць і пагоню – з міліцэйскай фуражкі пачатку 90-х.

Гэтым часам на іншым канцы горада, у Пышках, пачынаўся «Забег цвярозасці». Ладзіла яго ініцыятыва «Трезвый Гродно» сумесна з Праваслаўнай царквой. Па задуме ўдзельнікі спачатку прабягаюць чатыры кіламетры, а пасля пераходзяць да сілавых практыкаванняў.

Арганізаванымі групамі на спаборніцтва прыйшлі міліцыянты з палка ППС, памежнікі ў суправаджэнні прапаршчыка ды моладзь з каляцаркоўнага вайскова-патрыятычнага клубу «Славяне». Наймалодшаму «славяніну», які прыйшоў на фініш, бадай толькі споўнілася чатыры гады. «Славяне» напрыканцы таксама паказалі прыёмы самаабароны: супраць нажа, пісталета і міліцэйскай гумовай дубінкі.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў