«Першай справаю начальнік загадаў павысіць яму заробак». Як змагаюцца з карупцыяй на вёсцы


Змагалася супраць карупцыі ды сама ж апынулася на лаве падсудных. У Жлобінскім раённым судзе пачаўся разгляд адміністратыўнай справы супраць былой загадчыцы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Краснабярэжны» Ніны Кароль. Яе вінавацяць у крадзяжы больш як трох тонаў камбікорму. Аднак жанчына з абвінавачаннямі не пагаджаецца, называючы працэс помстаю кіраўніцтва.

«Я хачу сказаць, што я не крала гэтага камбікорму, што ў нашай гаспадарцы крадуць іншыя. А каб прыкрыць сябе, і каб я ім не замінала красці, яны ўсяляк спрабуюць выжыць мяне з гэтай гаспадаркі», – кажа Ніна Кароль.

Гісторыя пачалася яшчэ два гады таму, калі ў гаспадарцы змянілі кіраўніцтва. Прадпрыемства ачоліў УладзІмір Кебікаў, які раней двойчы быў пад судом. Як сцвярджае Ніна Кароль, новы кіраўнік адразу ж запатрабаваў ад яе, тады эканамісткі, павысіць яму заробак, а таксама спрабаваў уцягнуць у розныя карупцыйныя афёры. Жанчына не пагадзілася. За гэта нібыта зазнала пагрозы. Маральны ціск давёў Ніну Кароль да інсульту.

«Прыйшлося мне легчы на 4 месяцы ў бальніцу. Прыйшоўшы з лякарні, я даведалася, што ён актыўна прадае разам са спецыялістамі, галоўным заатэхнікам Сазончык Наталляй Васільеўнай і галоўным ветурачом Махнач Аляксандрам Алегавічам, са сваім намеснікам, кароў», – распавядае жанчына.

Ніна Кароль адразу ж напісала скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта, у Генеральную пракуратуру ды АБЭЗ. Пасля гэтага яе адразу панізілі: перавялі з пасады галоўнага эканамісты ў загадчыцу фермы. Аднак следства супраць УладзІміра Кебікава, а таксама некалькіх ягоных падначаленых, пачалося. Замест Кебікава прызначылі новага кіраўніка, Карэна Мурадзяна. Аднак работнікі мяркуюць, што і з ім прадпрыемства лепш працаваць не стала.

«Там не дапрацоўваюць спецыялісты і ім трэба задумацца, чым яны займаюцца, і пачаць працаваць на поўную катушку. Таму што ўпала ўсё», – кажа былая намесніца дырэктара гаспадаркі Любоў Ільіна.

Пра неэфектыўнасць новага кіраўніцтва кажа і Ніна Кароль. Яна сцвярджае, што менавіта ў адказ на абвінавачанні ў карупцыі Карэн Мурадзян звольніў яе з працы за, нібыта, прагул, якога, як сцвярджае жанчына, не было. А пасля пачаў патрабаваць пакінуць службовае жыллё. Каб разабрацца ў сітуацыі, мы датэлефанаваліся да новага кіраўніка сельгаспрадпрыемства, але пачулі толькі адно.

«Калі Ніна Кароль лічыць, што я займаюся карупцыяй, няхай даказвае. Няхай звяртаецца ва ўсе інстанцыі», – гэткі адказ мы пачулі ад Карэна Мурадзяна.

Адмовілася каментаваць сітуацыю і Вольга Навоева, якая выконвае абавязкі кіраўніка гаспадаркі. Яна проста выклікала ўчастковага на здымачную групу «Белсату».

Адсутнічаюць тлумачэнні з боку абвінавачання. Няма і доказаў, што Ніна Кароль скрала больш за тры тоны камбікорму. Аднак суд пачаўся, і на чыім баку застанецца правасуддзе, застаецца вялікім пытаннем.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Стужка навінаў