Перажыў два таталітарныя рэжымы – і не стаў песімістам. 130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча


Язэп Драздовіч. Над безданню (1931)

Сучаснікі ставіліся да яго як да вар’ята. Ці прынамсі называлі дзіваком. Смяяліся з касмічных фантазіяў мастака, трактатаў, дзе ён апісваў жыццё на Марсе, Месяцы, Сатурне. Максім Танк іранічна казаў, што Драздовіч глядзіць на зоркі не праз тэлескоп, а праз рыльца бутэлькі.

Беларусы ўвогуле не любяць фантастыку. Ім, моцна прылепленым да сваёй зямлі, гароду, двара, нецікава што адбываецца ў космасе. Таму, безумоўна, самнамбулічныя падарожжы мастака выклікалі раздражненне.

Драздовіча цанілі, як графіка (пры ўмове, калі ён малюе гістарычныя рэканструкцыі, краявіды замкаў, цэркваў ці касцёлаў), часам прыхільна ставіліся да яго жывапісных палотнаў (калі там, ізноў жа, няхай і сімвалічна, але выяўленая нашая слаўная мінуўшчына), памяркоўна адносіліся, калі ствараў маляваныя дываны (бо, вядома ж, робіць іх дзеля капейкі для сялянаў, заадно і развівае іх эстэтычна).

Але ж, калі мастак браўся за тэмы, якія выходзілі па-за межы разумення беларусаў, калі маляваў сатурніянскія фантазіі, вось тады для многіх Драздовіч ператвараўся ў такога ж дзівака-вар’ята, якога ён сам жа апісаў у сваёй іранічнай аповесці «Вялікая шышка» (1923).

У гэтым творы малады мастак не хоча быць такім як усе, марыць вырвацца з банальнай рэчаіснасці, прыдумаць што-небудзь такое, што дзівіць навакольных. Калі ў яго вучэльні ладзілі баль-маскарад, герой прыдумаў сабе арыгінальны касцюм вялікай шышкі. Хлопец спадзяваўся здзівіць, зацікавіць сваім незвычайным уборам, але мары патанулі ўва ўсеагульным рогаце.

Нешта падобнае адчуваў і Язэп Драздовіч. Калі выйшла ў свет гэтая аповесць, то на яе друкавалі іранічныя рэцэнзіі, а на самога аўтара малявалі шаржы. Заступіўся толькі крытык Самойла, які і сам у Вільні 20-30-х быў своеасаблівым адшчапенцам і пакрыўджаным на тагачасную беларускую культурніцкую эліту.

Іншыя літаратурныя рэчы Драздовіча ўвогуле адмаўляліся друкаваць. Той жа Максім Танк, калі Язэп Нарцызавіч даслаў яму сваю паэму «Трызна мінуўшчыны», катэгарычна заявіў, што яна не мае нічога блізкага з літаратурай.

Пачуццё крыўды і таго, што ён нікому не патрэбны – вечныя спадарожнікі мастака.

Пётра Сергіевіч. Партрэт мастака Язэпа Драздовіча (1932)

Ягонае жыццё ў Заходняй Беларусі 20-30-х – гэта бясконцая барацьба за тое, каб яму заплацілі хаця б жабрачы ганарар, гэта суды з Наваградзкай гімназіяй, дзе ён выкладаў, але не атрымоўваў заробку. Амаль кожны дзень так ці не інакш Драздовіч сутыкаўся з тым, што ён, па сутнасці, нікому тут не патрэбны. І нават людзі, якіх лічыў блізкімі сябрамі (паэт Міхась Машара, літаратар Янка Пачопка) часам называлі яго «жывым трупам».

Сваю крыўду Драздовіч выліваў у дзённіках, называючы такія несамавітыя адносіны да сябе «хамствам». Але, што цікава, ні ў адным ягоным творы мы не знойдзем нават намёку на гэтую крыўду, боль, раздражненне, злосць. Ад яго карцінаў патыхае станоўчай, амаль будыйскай энергетыкай. Там няма нейкага рэзкага канфлікту, ці на ўзроўні сюжэту, ці ў плане каларыту. Гармонія, цеплыня, спакой – вось чым вызначаюцца ягоныя творы графікі, жывапісу, разьбярства ці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Калі Язэпу Нарцызавічу было асабліва сумна, ён маляваў карыкатуры. Напрыклад, тры дні пісаў смешную карціну, дзе пан і мужык дужаюцца на фоне сядзібы. Калі быў добры настрой, то выразаў дзівосныя скульптуры, кійкі, якія прадаваў на ўваходзе ў музей Івана Луцкевіча. Турысты з радасцю іх набывалі.

Вельмі любіў вясёлыя студэнцкія і проста маладзёвыя кампаніі. Асабліва калі там было шмат дзяўчат. Ён ім варажыў, расказваў не толькі пра іх будучыню, але гаварыў, які яны маюць характар. І дзяўчаты любілі, калі мастак пачынаў варажбу, а яму было вельмі прыемна трымаць іх за ручкі.

Але з найбольшым нецярпеннем Язэп Драздовіч чакаў ночы. Бо тады да яго з’яўлялася… Сатурніянка. Разам з ёй наш герой выпраўляўся ў касмічныя падарожжы, адкрываў новыя планеты і галактыкі.

Язэп Драздовіч. Падкружнікавы краявід на планеце Сатурн (1931)

Там, у Космасе, да яго ставіліся так, як ён таго заслугоўваў: з вялікай пашанай і любоўю. Ніякаму марсіянаніну ці нават луніту не прыйшло б у галаву смяяцца з гэтага вялікага чалавека.

Мажліва гэтыя падарожжы і ратавалі Язэпа Драздовіча.

Ратавалі ад таго, каб канчаткова не зняверыцца і не ператварыцца ў невылечнага песіміста. Ратавалі і чыста фізічна. Бо калі пачаліся савецкія рэпрэсіі (пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі), а затым, калі нашу зямлю акупавалі нацысты, мастак уратаваўся. Яго не зачапіла ніводная з гэтых таталітарных сістэм. Чаму? Мабыць, у тыя трагічныя часы таямнічая Сатурніняка забірала яго з сабой.

Язэп Драздовіч. Агляд зімовых пячораў сатурніянамі (1932)

І хто ведае, магчыма гэтыя падарожжы для Язэпа Драздовіча і былі сапраўднай рэальнасцю. А ягонае вымушанае бытаванне ў прасторы Беларусі мастак успрымаў толькі як прыкры сон.

Сон, які неўзабаве скончыцца і наступіць светлая цудоўная ява.

Сяргей Піліпчэня

Стужка навінаў