Пераварот у Зімбабвэ: Роберт Мугабэ пад арыштам, яго жонка збегла з краіны

Wideo

Вайскоўцы на вуліцах сталіцы Зімбабвэ. Фота - Reuters

Жонка прэзідэнта Зімбабвэ Роберта Мугабэ збегла з краіны пасля таго, як уладу захапілі вайскоўцы. Па непацверджаных дадзеных, Грэйс Мугабэ накіравалася ў Намібію.

Раніцай 15 лістапада генералы вывялі вайсковую тэхніку на вуліцы сталіцы Зімбабвэ Харарэ. Вайскоўцы захапілі ў Зімбабвэ будынак дзяржаўнай тэлекампаніі Зед-бі-сі, у горадзе было чуваць стральбу і выбухі. 93-гадовы прэзідэнт Роберт Мугабэ знаходзіцца цяпер пад хатнім арыштам. Вайскоўцы пры гэтым запэўніваюць, што іх дзеянні нельга расцэньваць як «ваенны пераварот».

Па дадзеных агенцтва ANA, Роберт Мугабэ правёў перамовы з вайскоўцамі, падчас якіх ён папрасіў даць яго жонцы Грэйс Мугабэ магчымасць пакінуць краіну. У сваю чаргу Мугабэ гатовы адмовіцца ад улады – заўтра ён павінен аб’вясьціць пра гэта на прэс-канферэнцыі, паведамляе крыніца агенцтва.

СМІ адзначаюць, што Зімбабвэ можа ўзначаліць былы віцэ-прэзідэнт Эмерсан Мнангагва, які на мінулым тыдні быў адпраўлены ў адстаўку рашэннем Мугабэ пасля чаго пакінуў краіну. Менавіта з адстаўкай Мнангагвы эксперты звязваюць цяперашні палітычны крызіс у Зімбабвэ.

Мугабэ кіруе ў Зімбабвэ з 1980 года. Калі ён прыйшоў да ўлады, у Зімбабвэ (былая брытанская калонія Радэзія) была адна з самых моцных эканомік сярод афрыканскіх дзяржаў. Цяпер краіна ўваходзіць у трыццатку самых бедных у свеце. Рэжым Мугабэ абвінавачваюць у чорным расізме, катаваннях і забойствах палітычных апанентаў, карупцыі і фальсіфікацыі выбараў.

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту заявіў, што ЗША «заклікаюць усіх жыхароў Зімбабвэ да спакойнага і мірнага ўрэгулявання спрэчак», паведамляе Голас Амерыкі. Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан таксама заклікаў праявіць «спакой і вытрымку», але ў жорсткіх выразах выказаўся пра Мугабэ.

«Усёпаглынальнай амбіцыяй Мугабэ заўсёды было пазбавіць іх выбару, – сказаў ён, выступаючы ў Палаце абшчын. – І гэтая палата заўсёды будзе памятаць усе жорсткія падзеі, якія адбываліся за 37 гадоў яго кіравання. Выбары, якія ён фальсіфікаваў, забойствы і катаванні яго апанентаў, незаконны захоп зямлі, які справакаваў самую магутную гіперінфляцыю ў гісторыі».

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары