«Ператвараць «Белсат» у інтэрнэт-партал ня мае сэнсу» – эксперты


«Чарговы навінны сайт у Беларусі не патрэбны, а партал з якасным відэакантэнтам усё роўна будзе каштаваць дорага».

Перавод «Белсату» у навінны інтэрнэт-партал ня мае сэнсу з-за таго, што гэтая ніша ў беларускай інфармацыйнай прасторы ўжо занятая, гаворыцца ў артыкуле radyjo.net. Стварэнне ж на аснове «Белсату» інтэрнэт-тэлебачання ці сайту з якасным відэаматэрыяламі патрабуе вялікіх сродкаў і не прывядзе да значнай эканоміі. Так беларускія журналісты ды мэдыяэкспtрты пракаментавалі ідэю ператварыць тэлеканал «Белсат» у інтэрнэт-партал, якую нядаўна агучыла прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы. Пра мэтазгоднасць трансфармацыі «Белсату» у беларускіх экспертаў запытаўся Аляксандр Папко.

Міністэрства замежных справаў Польшчы жадае мадэрнізаваць мэдыяпраекты, якія яно фінансуе. Таму польскае МЗС вядзе перамовы з дзяржаўным тэлебачаннем «Telewizją Polską S.A.» «наконт стварэння тэлеканалу TVP Zagranica», часткай якога сталі б тэлеканалы TVP Polonia і «Белсат» у выглядзе, напрыклад, інтэрнэт-парталу». Такія планы рэфармавання беларускамоўнага тэлеканалу агучыла ў чацвер прэс-сакратар польскага замежнага ведамства Яанна Вайда (Joanna Wajda).

Ператварэнне «Белсату» у інтэрнэт-партал азначала б кардынальную змену як рэдакцыі, так і аўдыторыі каналу – лічыць беларускі журналіст і мэдыяаналітык Паўлюк Быкоўскі.

Чытайце таксама >>> У інтэрнэце з’явілася петыцыя на падтрыманне «Белсату»

СМІ, якія вяшчаюць з замежжа, традыцыйна маюць у Беларусі адносна невялікую аўдыторыю, – кажа эксперт. У спакойны час ані Радыё «Свабода», ані «Белсат» не карыстаюцца надзвычайнай папулярнасцю. Аднак у крызісныя часы, калі адбываюцца падзеі, пра якія ўлады не хочуць казаць, рэзка ўзрастае цікавасць да замежных вяшчальных праектаў, – кажа Паўлюк Быкоўскі.

«Белсат» важны не столькі з-за ахопу аўдыторыі, колькі з-за вытворчасці ўнікальных відэаматэрыялаў, – мяркуе эксперт.

Паўлюк Быкоўскі: «Белсат» здымае дакумэнтальныя фільмы, ён здымае ток-шоў і перадачы, ён стварае працоўныя месцы для журналістаў. Усё гэта, як колы, разыходзіцца па вадзе.

З аднаго боку, у Беларусі становіцца запатрабаванай прафесія журналіста-тэлевізійшчыка. З другога боку, дзякуючы «Белсату», беларускаму гледачу можна паказаць відэаматэрыялы, якія з-за недахопу рэсурсаў ці ідэалагічных абмежаванняў не здымаюць дзяржаўныя ды недзяржаўныя беларускія медыі – напрыклад, дакументальны фільм пра Кастуся Каліноўскага.

Калі з пераходам у інтэрнэт-фармат «Белсат» адмовіцца ад такога кшталту праектаў, гэта будзе вялікая страта для беларускага грамадства.

У Беларусі хапае вялікіх інфармацыйных парталаў, такіх як «TUT.BY», «Хартыя 97», Naviny.by, «Наша Ніва» – лічыць мэдыяаналітык Аляксей Лявончык. У кожнага з гэтых рэсурсаў ёсць свая аўдыторыя. Ствараць чарговы партал, калі ў яго ня будзе адрознення, не мае сэнсу – перакананы эксперт. А такім адрозненнем могуць быць відэаматэрыялы, якія ўсё роўна каштуюць вельмі дорага, кажа Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык: Адрозненне можа быць у выглядзе відэаматэрыялаў.

І тут я кажу не пра 1-2-хвілінныя навінавыя рэпартажы, а менавіта пра аналітычныя ды гістарычныя перадачы, пра дакументальнае кіно, якое здымае «Белсат». Яны здымаюць іх добра, гэтыя матэрыялы праглядаюцца.

Але відэапрадукцыя каштуе сурёзных грошай. Калі гэта будзе партал з істотнай відэасекцыяй, то гэта не дазволіць істотна скараціць выдаткі. Можна будзе ашчадзіць на інфраструктурных выдатках, але ніякім чынам не на відэапрадукцыі, якая сама па сабе вельмі дарагая.

Пераход «Белсату» у інтэрнэт-прастору мог бы быць рацыянальным рашэннем і прывесці да пэўнай эканоміі сродкаў, – мяркуе старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец. Аднак як інтэрнэт-телебачанне, так і партал з якасным відэакантэнтам каштуюць дорага, і вялікай эканоміі грошай не атрымаецца.

Андрэй Бастунец: Мне цяжка сказаць, наколькі інтэрнэт-партал будзе таннейшым.

Відавочна, не трэба будзе плаціць за спадарожнік. Аднак я не думаю, што кошты спадарожніка вырашальныя ў бюджэце «Белсату».

Аўдыторыя «Белсату» складаецца з двух частак – гэта карыстальнікі спадарожнікавых антэнаў і інтэрнэт-юзеры. Спадарожнік дазваляе данесці інфармацыю туды, куды інтэрнэт не даходзіць. Спадарожнікавае вяшчанне лічыцца дарагім, аднак яго захоўваюць для трансляцыі на краіны, якія лічацца важнымі, і грамадзяне якіх маюць абмежаваны доступ да незалежнай інфармацыі. Прыкладам можа паслужыць вяшчанне еўрапейскіх СМІ на краіны Афрыкі – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.

Даступнасць інтэрнэту ў Беларусі – адна з самых высокіх у рэгіёне, таму «спадарожнікавая» аўдыторыя «Белсату» не можа быць вялікай – лічыць мэдыяэкспэрт.

Значэнне мае не колькасць, а якасць – апануе Паўлюку Быкоўскаму журналіст і дзеяч польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут. Адной з галоўных перавагаў «Белсату» ён лічыць тое, што тэлеканалу ўдалося прабіцца да аўдыторыі малых гарадоў і мястэчак. Яго аўдыторыя, у адрозненне ад буйных інтэрнэт-парталаў Беларусі, не канцэнтруецца ў сталіцы.

Анджэй Пачобут: Ствараць новую інтэрнэт-старонку я патрэбы ня бачу.

У Беларусі даволі шмат інфармацыйных інтэрнэт-старонак. Ёсць старонкі, якія фінансуюцца польскім Міністэрствам замежных справаў – напрыклад, Радыё «Рацыя». У такім выпадку, можна развіваць Радыё «Рацыю». Навошта ствараць яшчэ адну інтэрнэт-старонку? Я не бачу ў праекце перафарматавання «Белсату» нейкай рацыянальнасці.

Як праект замежнага вяшчання «Белсат» паспяховы, і захаваць яго было б натуральным рашэннем – лічыць Анджэй Пачобут.

Аляксандар Папко, radyjo.net

Стужка навінаў