Ператрус у Горадні – мінак здаў міліцыі дзяўчыну з улёткамі пра Крым


Гарадзенку Вольгу Крапоціну затрымалі за тое, што яна раскладала на аўтамабілі ўлёткі з патрабаваннем вярнуць Крым Украіне. У яе пакоі ў інтэрнаце зрабілі ператрус.

Дзяўчына раскладала самаробныя ўлёткі на шыбы аўтамабіляў у цэнтры Горадні ўвечары 19 верасня. На адным баку чорна-белых аркушаў быў надпіс «Вярніце Крым! Рукі прэч ад Украіны!», а на другім – беларускі арнамент ды па баках было напісана «За гонар ліцвінскага роду здабудзем народу свабоду!»

«Нейкі мінак заўважыў, што я раблю, падышоў, прачытаў і абурыўся, нагледзеўшыся, хіба тэлевізара. Ён схапіў мяне за руку. Я стала вырывацца, сказала, што пазваню ў міліцыю. Паблізу стаяла міліцэйская машына. Ён мяне ім і здаў», – расказала аб затрыманні Вольга Крапоціна.

У пастарунку на вуліцы Гараднічанскай дзяўчыну пратрымалі некалькі гадзінаў. На яе склалі пратакол-апытанне, а яна напісала тлумачальны ліст, дзе распавяла, як адбылося затрыманне і патлумачыла прычыну сваёй дзейнасці.

«Я сама зрабіла і раздрукавала ўлёткі, каб заклікаць да сумлення тых, хто падтрымлівае захоп Крыму, прымусіць іх задумацца. Мяркую, што расейскі прэзідэнт праводзіць няправільную палітыку ў дачыненні да Украіны», – распавяла аб матывацыі свайго ўчынку Вольга.

Міліцыя Вольгу адпусціла, але з’явілася ў інтэрнат, дзе яна жыве, і зрабіла там ператрус. Міліцыянты забралі ноўтбук ейнае суседкі па пакоі, якім Вольга амаль не карыстаецца.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў