«Пералом носу і чэрапна-мазгавая траўма», – Вячаслаў Касінераў распавёў, як яго збілі ў Маладзечна


Вячаслаў Касінераў пасля збіцця, фота з сацыяльных сетак

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў заявіў, што 21 чэрвеня на яго з сяброўкамі напалі каля 20 чалавек. Інцыдэнт адбыўся на цэнтральнай плошчы Маладзечна, калі анархісты спяшаліся на цягнік. Паводле слоў Касінерава, цяпер у яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носу ды шматлікія гематомы. Аднак звяртацца з гэтай нагоды ў міліцыю актывісты не збіраюцца.

«Мы проста ішлі па плошчы, спяшаліся на цягнік да Менску з маёй дзяўчынай Марынай і нашай сяброўкай. Раптам заўважылі на плошчы групу з чалавек 20-25. Ад іх аддзяліліся прыкладна 10, падышлі да нас і пачалі правакаваць на канфлікт. Яны называлі нас «левымі», «шаўкамі», пыталі, ці мы антыфашысты», – падзяліўся падрабязнасцямі з журналістам belsat.eu Вячаслаў Касінераў.

Ён сцвярджае, што нападнікі гучна выказвалі свае ўльтраправыя, неанацысцкія погляды.

«Яны пагражалі, патрабавалі, каб я зняў байку з анархісцкай сімволікай, але прымусіць мяне распачаць першым бойку даволі складана. Тады мяне ўдарылі спачатку спераду, а пасля ўдары пасыпаліся ззаду. Білі чалавек 5-7 і казалі: «Проста так вы адсюль не з’едзеце», – працягвае актывіст.

Марына Насенка сцвярджае, што спрабавала адцягнуць агрэсіўных маладзёнаў, тады яе груба штурхнулі ў бок, а яшчэ адну дзяўчыну павалілі на зямлю.

Паводле слоў анархістаў, пасля бойкі іх адпусцілі, але працягвалі сачыць і пераследаваць да самага вакзалу. Па вяртанні ў Менск Касінераў звярнуўся ў шпіталь, дзе засведчылі траўмы.

«Мне зрабілі рэнтгенаўскі здымак і высветлілася, што я атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Дагэтуль мяне трошкі хістае, нудзіць, кроў ідзе з носу і баліць галава», – кажа Касінераў.

На пытанне, ці збіраюцца актывісты скардзіцца ў міліцыю, яны адказалі:

«Не, бо міліцыя адказная за арышты нашых сяброў, яна кідала сяброў за краты, таму не бачым сэнсу звяртацца ў гэтую структуру. Хаця мне і тэлефанаваў міліцыянт, распытваў пра выпадак. Тыя адмарозкі ў Маладзечна настолькі вольна сябе пачувалі, збіваючы нас у цэнтры гораду, што цяпер мы ведаем, каго абараняе міліцыя»

Начальнік прэс-службы Ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак пацвердзіў belsat.eu, што міліцыя ведае пра інцыдэнт.

«Мы аналізуем усю інфармацыю, у тым ліку, публікацыі на шэрагу рэсурсаў. Супрацоўнікі РАУС Маладзечна праводзяць праверку. На дадзены момант гэта ўсё, што я магу сказаць»

Вячаслаў Касінераў – актывіст анархісцкага руху ў Беларусі, вызнае левыя погляды. Фігурант «справы графіцістаў», таксама быў аштрафаваны за тое, што накінуў пятлю на шыю помніку гарадавому ў Менску.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары