Перад выхадам новага альбома «Shuma» Руся ўстане за дыджэйскі пульт


Новы альбом «Shuma» будзе «клубным». Пра асаблівасці новай кружэлкі вакалістка гурта Руся распавяла Belsat.eu.

Вясновае сонца ўздымаецца ўсё вышэй, а разам з ім – рыхтуецца трапіць у зеніт аднайменны альбом нашага этна-электроннага гурта «Shuma». 30-га сакавіка кружэлку «SONCA» аддадуць у наклад. Але яшчэ раней – 16-га сакавіка – стане вядома, ці атрымае прэмію «Experts.by» папярэдні альбом гурта – «Zhnivo».

У першым альбоме «Shuma» забаранілі сабе змяняць мелодыку і ноты архаічных песень, нават калі гэта магло залічыцца на карысць электроннай аранжыроўцы. Увага да маладога гурта была вялікая, таму падыход абралі кансерватыўны – галоўнае каб наведнікі канцэртаў праз «Shuma» вывучалі традыцыйныя спевы.

«Альбом быў магічны, іншы. Як абуджэнне, як раніца», – параўноўвае лідарка гурта Руся. – «А новы альбом падобны на ўзыход сонца. Мы дазволілі сабе выкарыстоўваць толькі фрагменты спеваў, дзе-нідзе змянялі мелодыку. Можна сказаць, што ўзялі архаічныя мелодыі як натхненне. Гэта гучыць вельмі крута, сучасна

Удзельнікі гурта прадчуваюць, што «SONCA» выклікае прэтэнзіі ў даследнікаў фальклору і архаікі, але гатовыя да дыскусіі і здольныя абараніць свой творчы матэрыял.

Аранжыровак у альбоме шмат – мінімал, хаўс, іншыя стылі электроннай музыкі. Але ўсе 12-13 трэкаў агулам вытрыманыя ў тэмпе 110 bpm – гэта deep house, які абіраюць шматлікія аматары клубных імпрэзаў. Гармонію руху хвалях новага альбому «Shuma» ацанілі аднак не меламаны, а мадэлькі. Бо стваралася музыка адмыслова да подыуму. Конкурс моднага адзення «KERAMIN 2016» адбыўся цалкам пад Русіну дудку.

«Кампанія «Керамін» прыйшла да нас з пытаннем ці можаце вы напісаць музыку для моднага дэфіле? Тэхнічнае заданне гучала «зрабіце класна!» Яны далі нам грошы на працу, паказалі давер і праз 2 месяцы атрымалі прадукт. Усе былі ў захапленні. Гэтага нельга схаваць», – распавядае Руся.

Беларусі бізнес вельмі рэдка фінансуе культурніцкія праекты. Адная справа – быць у шэрагу спонсараў музычнага фэсту. Іншая – даць грошай на альбом, поўную свабоду дзеянняў, правы на выкарыстанне трэкаў і нават лагатыпу свайго на кружэлку не ляпіць! Удзельнікі гурта лічаць такі жэст «Кераміну» беспрэцэдэнтным для Беларусі і вельмі ўдзячныя за штуршок у творчым развіцці каманды.

Альбом амаль зроблены. Альбом амаль зроблены. 30-га сакавіка будзе гатовы master-дыск, што азначае гатовасць да накладу, які зробіць расейская кампанія «СОЮЗ». А грошы на выпуск вініла «Shuma» будзе збіраць праз краўнд-фаўндынг. Гэта азначае, што скінуцца на карысць якаснай клубна-этнічнай музыкі можа кожны з нас. Матэрыял абяцае быць якасным і непаўторным – робяць выснову музычныя журналісты, праслухаўшы прэвю-запіс альбома:



Жывая прэзентацыя «SONCA» – 30-га красавіка на новай і ўжо старанна прасунутай сталічнай пляцоўцы «Korpus8». Там жа 18-га сакавіка «для сваіх» гурт пакажа гатовыя кавалкі з альбому – на закрытай імпрэзе, прысвечанай дню народзінаў Русі. Дзяўчына не перастае здзіўляць!

«Я ўпершыню буду дыджэйкаю», – сціпла прызнаецца Руся, – «Сябры натхнілі мяне вывучаць дыджэінг, раз мы робім электронную музыку. І мяне гэта моцна натхніла. Такая далікатная праца. Я пакуль не дакранулася да яе, не разумела, як шмат пульт вымагае ўвагі, ведаў, інтэлекту і музычных здольнасцяў».

А гэта ўжо пахне амбіцыямі не толькі канцэртнымі, але і на скарэнне начной клубнай прасторы. Пакуль мы будуем здагадкі, а Руся навучаецца, размаўляць выпадае пра фармат найбліжэйшага гастралявання. Паколькі ўвесь музычны склад, які працуе над альбомам, на жывых выступах не пакажаш, то гурт будзе выступаць як трыа – Aliaxei Budzko aka Shumaboy будзе займацца музыкаю, а Надзея і Руся – спяваць. Хутчэй бы ўжо пачалі!

Юлія Цяльпук, belsat.eu, фотаздымкі з Facebook Русі

Стужка навінаў