Перад выбарамі прэзідэнта ў Францыі расейскі тэлеканал «Russia Today» загаворыць па-французску


Французскае аддзяленне «Russia Today» – новая графа бюджэту Расейскай Федэрацыі. Больш за 1, 2 млрд расейскіх рублёў будзе скіравана на стварэнне і працу тэлеканалу на французскай мове. Ніхто не хавае, што такое рашэнне прынятае акурат пад прэзідэнцкія выбары ў Францыі, якія адбудуцца ў красавіку 2017 года. Аднак ці сапраўды расейскі тэлеканал можа паўплываць на іх вынік?

«Ён займае ў тых краінах, дзе працуе, не вельмі вялікія пазіцыі – гэта менш за 1 %. Разам з тым прысутнасць гэтага тэлеканалу ўжо заўважалася ў рэзалюцыі Еўрапарламенту як той фактар, які займаецца дэструктыўнай прапагандай, і задаванне пэўных пытанняў, ці распаўсюд хлуслівай інфармацыі – можа быць той кропляй, якая паўплывае на сітуацыю», – адзначыў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Сапраўды, аглядальнасць «Russia Today» падаецца далёкай да таго, каб сурʼёзна паўплываць на грамадскую думку еўрапейскіх краінаў. Іншая справа – у сеціве, дзе акаўнт тэлеканалу на YouTube стаў першым у свеце тэлебачаннем, што пераадолела адзнаку ў мільярд праглядаў. У Францыі ўжо пазнаёміліся з працаю расейскіх медыяў. У праграме «Le Petit Journal» на мясцовым «Canal+» сёлета ў траўні разбіралі маніпуляцыйны матэрыял каналу «Россия 24». Героі сюжэту ў расейскім перакладзе скардзіліся на хвалю мігрантаў і выказвалі спадзеў на больш блізкую супрацу з Расеяй.

«Неверагодна. Гэта агідна і абражальна, што мае словы пераклалі падобным чынам. Гэта нават не дрэнны пераклад, я проста не казала такіх словаў», – заўважыла гераіня расейскага тэлебачання Рафаэль Турнэ.

«Гэта копіпаст розных словаў, якія агулам, можа, і не кажуць абсалютна супрацьлеглага таму, што я казаў, але вельмі адрозніваюцца ад гэтага», – адзначыў былы віцэ-міністр у справах еўрапейскіх дачыненняў Бруно Ле Мэр.

Не дарма два тыдні таму Еўрапарламент вызначыў расейскую ды ісламісцкую прапаганду і дэзынфармацыю як галоўную пагрозу еўрапейскай бяспецы. Адмысловая рэзалюцыя пералічвае сапраўды небяспечных расейскіх агентаў: фонды для распаўсюду ідэяў «русского мира», медыі на замежных мовах кшталту «Russia Today» і службы «Спутник», інтэрнэт-тролі ды іншыя. Але ці справа ідзе далей за рэзалюцыі?

«Напрыклад, у балтыйскіх краінах, прыпыненае надаванне расейскіх каналаў, бо ёсць юрыдычнае рашэнне судоў, што заўважылі парушэнне заканадаўства. Ёсць пытанне, якім чынам «Russia Today» перастала абслугоўвацца брытанскім банкам, але відавочна, што банк пабачыў у такой сітуацыі страты для сваёй рэпутацыі», – падкрэсліў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Каб канчаткова не страчваць рэпутацыю пасля расейскай анексіі Крыму, пра свой сыход з «Russia Today» у наўпроставым эфіры заявілі адразу некалькі вядоўцаў.

Тэлеканал ужо цяпер надае даволі шмат увагі Францыі. Палітык, які ці не найчасцей зʼяўляецца ў студыі «Russia Today», – гэта лідарка ўльтраправага «Нацыянальнага фронту» Марын ле Пэн. Стаўленне да Расеі гэтай кандыдаткі на прэзідэнцтва вядомае.

«Няма прычынаў баяцца Расеі – нашыя дачыненні гістарычна будаваліся на ўзаемным сяброўстве. Расея – еўрапейская краіна і калі мы хочам бачыць моцную Еўропу, мы мусім толькі сябраваць з Расеяй», – адзначыла лідарка «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн.

Агульны бюджэт «Russia Today» налета складае больш за 18 мільярдаў расейскіх рублёў – такую суму ўжо ўзгадніла расейская Дума. Паказальна, што перад гэтым расейскія дэпутаты на тры гады працягнулі мараторый на назапашванне пенсійных ашчаджэнняў, не забыўшыся зрабіць выключэнне для сілавікоў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат». Фота wikimedia.org

Стужка навінаў