Расейскі апазіцыянер Уладзімір Кара-Мурза стане адным з тых, хто панясе ў бліжэйшую суботу труну з целам амерыканскага сенатара Джона МакКейна на цырымоніі развітання з ім у Вашынгтоне, паведамляе politico.com.
Такім было пажаданне самога МакКейна, які перад смерцю спланаваў сцэнар уласнага пахавання.
Акрамя Кара-Мурзы, труну з целам сенатара да ўваходу ў Нацыянальны кафедральны сабор, дзе пройдзе памінальная служба, будуць несці былы віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн (Joe Biden), былы сенатар-дэмакрат Рас Фейнгольд (Russ Feingold), былы міністр абароны Уільям Коэн (William Cohen), актор Уорэн Біці (Warren Beatty).
МакКейн неаднаразова сустракаўся з Кара-Мурзой – намеснікам старшыні расейскага руху «Адкрытая Расея» і кіраўніком Фонду Барыса Нямцова за Свабоду. Амерыканскі сенатар называў Кара-Мурзу сваім сябрам.
Калі Кара-Мурза лячыўся пасля атручвання ў 2017 годзе, МакКейн выступіў у Сенаце з малітвай за ягонае здароўе, абвінаваціўшы ў спробе атручвання рэжым расейскага прэзідэнта Уладзімера Пуціна.
Выданне «Politico» адзначае, што апошняя воля МакКейна можа разглядацца як сігнал прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і прэзідэнту ЗША Доналду Трампу, якога МакКейн крытыкаваў за «мяккасць» у дачыненні да Крамля.
У канцы 2016 года ў Вільні МакКейн сустрэўся з беларускімі апазіцыянерамі. Тады «Белсату» удалося запытаць у сенатара ягонае бачанне дачыненняў паміж Менскам ды Масквой.
«Мы чуем, што паміж Пуціным і Лукашэнкам разлад, што яны не любяць адзін аднаго, і не супрацоўнічаюць у тым памеры, як гэта было раней. Я канешне, тут не самы кампетэнтны, але думаю, што беларусы заслугоўваюць на нешта значна большае, чым тое, што маюць сёння», – сказаў МакКейн.
Амерыканскі палітык Джон МакКейн памёр у мінулую суботу.
ЮВ, belsat.eu, паводле politico.com