Пентагон выдаткаваў больш за 20 млн долараў на вывучэнне НЛА


Міністэрства абароны ЗША выдаткавала мільёны долараў на праграму, звязаную з даследаваннямі неапазнаных лятучых аб’ектаў, піша bbc.com.

Праект пад назвай «Паглыбленая праграма распазнання аэракасмічных пагроз» быў запушчаны ў 2007 годзе і, як паведамляюць амерыканскія СМІ, быў згорнуты ў 2012-м.

Ідэя праграмы належыць тагачаснаму лідару дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Гары Рыду.

«Я не адчуваю сябе няёмка, мне не сорамна і не шкада, што я запусціў гэтую штуку. Я зрабіў тое, чаго раней не рабіў ніхто», – сказаў Рыд ў інтэрвʼю.

Праграма абышлася амерыканскаму Мінабароны ў суму звыш 20 мільёнаў долараў. Яна была закрыта з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў.

Праграма магла выкарыстоўвацца для вывучэння тэхналагічных распрацовак краін-суперніц ЗША, паведаміў Politico былы штатны супрацоўнік Кангрэсу.

У бягучым годзе Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленне ЗША выклала ў інтэрнэт мільёны старонак рассакрэчаных дакументаў.

Сярод іншага ў іх можна знайсці згадкі пра НЛА, а таксама рапарты аб назіранні лятучых талерак.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў