Пенсіянерку ў Горадні спачатку забралі ў варʼятню, а потым даслалі паведамленне аб канфіскацыі зямельнага ўчастка


Гарадскія службы спрабуюць зрабіць недзеяздольнай 94-ох гадовую жыхарку Горадні. Адначасова жанчына трапляе ў спіс жыхароў Новага Свету (гістарычны раён Горадні), дзе дамы пойдуць пад знос. Ці выпадковы гэты збег абставінаў?

Дом пенсіянеркі на вуліцы Ватуціна ў Горадні. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Інцыдэнт з Нінай Іосіфаўнай Сямёнавай адбыўся ў чэрвені гэтага года, калі нічога перад гэтым не паведаміўшы, гарадскія ўлады залезлі ў вакно прыватнага дому жанчыны, сілком выцягнулі яе з хаты і завезлі ў псіхіятрычны шпіталь.

«Палата нумар 6, як у Чэхава»

«Я ніколі не думала, што ў нашай дзяржаве такое можа быць. Як мяне бралі! Камусьці мой дом спадабаўся. Хадзілі ўсё, глядзелі. І раптам, ні з таго, ні з сяго, прыехалі. Я не адкрывала дзверы.

Гляджу, улезлі ў вакно. Нейкі мужчына, такі здаровы. Схапіў мяне, адкрыў дзверы, а ў мяне рэбры балелі, сціснуў мяне з усёй сілы. Па асфальце мяне цягнулі. Мне ж ногі баляць, паясніца баліць. Я крычу, што мне балюча. Нуль увагі. Божа мой! Да чаго я дажылася! Выцягнуў мяне на вуліцу, а тут натоўп, народу шмат. На вуліцы машыны, хуткая дапамога, і крычаць мне: залазь!

Ніна Іосіфаўна Сямёнава. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Я ледзь не звалілася з лаўкі ў хуткай. Я пытаюся, куды вы мяне вязеце, а ў адказ мне кажуць: у Аульс. Я ж ведаю, што там могілкі. Кажу ім: а што ўжо магілу прыгатавалі? Прывезлі мяне, а там аказваецца псіхбольніца. На калясцы прывезлі мяне ў палату. Чытаю: палата нумар 6. А ў мяне ж кніг вельмі шмат. Думаю: ну, як у Чэхава, палата нумар 6», – распавядае, не стрымліваючы эмоцыяў, Ніна Іосіфаўна.

Пасля прымусовай перавозкі ў шпіталь, Ніна Іосіфаўна засталася ў сіняках, з гематомамі на руках і зусім перастала хадзіць. Яе знаёмыя і сябры шукалі жанчыну цягам некалькіх дзён па могілках і шпіталях.

Дом пенсіянеркі Ніны Іосіфаўны Сямёнавай. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

«У ЖЭСе вельмі здзівіліся, што мы яе забралі з псіхдыспансера»

«Пасля псіхдыспансера на вуліцы Шчорса мы забралі яе да сябе. Зрабілі такі касметычны рамонт у хаце і прывезлі сюды бабулю і цяпер яна тут жыве. Сітуацыя вельмі цяжкая, а цяжэй за ўсё нам. Бо куды не таўкнешся – паўсюль сцяна. Мы не радня.

Мы, па-сутнасці, чужыя людзі. І цяпер яны нас абвінавачваюць, што мы хочам забраць маёмасць у бабулі. Хоць мой муж ходзіць да яе 35 гадоў. Яго ўсе суседзі ведаюць. Вацлаў – брыкет. Вацлаў – дровы. А цяпер яны кажуць, што мой муж давёў бабулю да такога стану, што ў яе антысанітарыя.

Дом Ніны Іосіфаўны Сямёнавай. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Не сацпрацаўнікі, якія хадзілі і абслугоўвалі яе, а мой муж. Калі б мой муж не чысціў бы тут і не прыбіраў, то машынай бы сюды ніхто не заехаў. Так, тут была антысанітарыя, але бабуля з цяжкасцю перасоўвалася. Яна была пад ключом, сама зачынялася. Яна майму мужу адчыняла, сацпрацаўніку і паштальёнцы.Яна не дазваляла ў сябе прыбіраць. Раней яна рухалася хоць неяк. А пасля шпіталя, як мы яе забралі, яна ўвогуле перастала хадзіць», – тлумачыць Леанарда, жонка Вацлава, самага блізкага сябра Ніны Іосіфаўны.

Леанарда, жонка сябра пенсіянеркі. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Цягам 35-ці гадоў жанчыну наведвае Вацлаў, сын сяброўкі ейнай маці. Мужчына прывозіць пенсіянерцы прадукты і дапамагае па гаспадарцы. Зараз праз суд разам з жонкай яны спрабуюць аформіць апеку над Нінай Іосіфаўнай, каб жанчына не была сам на сам з бязладдзем гарадскіх уладаў.

«Усё гэта вельмі дзіўна выглядае, бо калі мы забралі яе з псіхдыспансера, то ў ЖЭСе так былі здзіўленыя гэтаму. Як гэта? Хто вы такія? Яны былі ў шоку. А бабуля нікуды не хоча ехаць, бабуля хоча жыць у сваім доме», – кажа спадарыня Леанарда.

Дом, дзе жыў Быкаў

Дом і зямельны ўчастак на вуліцы Ватуціна належаў яшчэ дзеду Ніны Сямёнавай, якая дагэтуль захоўвае дазвол на пабудову дому з 1912-га года. Магчымасць зносу радавога гнязда шакавала жанчыну, якая нікуды не збіраецца з’яжджаць.

Муж Ніны Іосіфаўны, Ігар Сямёнаў, мастак, аўтар помніка загінулым воінам і партызанам у парку Жылібера. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

«Я тут нарадзілася, тут і памру. Мы пражылі з мужам тут столькі год. У маім доме жыў Быкаў з жонкай, калі яшчэ не быў вядомым. Тады ўсе гасцініцы былі занятыя і мы з мужам прыгарнулі іх на два тыдні. Мой муж заслужаны мастак, аўтар помніка загінулым воінам і партызанам у парку Жылібера, я ветэран камуністычнай працы, а са мной так абыходзяцца», – кажа спадарыня Ніна.

Стары фотаздымак бацькоў Ніны Іосіфаўны. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Цяпер стары дом карэннай жыхаркі Горадні збіраюцца зносіць дзеля пабудовы медыцынска-гасцінічнага комлексу. Пасля выпіскі з псіхіятрычнай клінікі жанчына ўжо атрымала два паведамлення аб канфіскацыі зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб і зносе размешчанага на ім аб’екта.

У межах закону?

Аднак, як паведамляе hrodna.life прадстаўнікі гарадскіх службаў сцвярджаюць, што дзейнічалі ў межах закону. Медработнік з паліклінікі, да якой адносіцца Ніна Іосіфаўна, распавяла, што пенсіянерка адносіцца да той катэгорыі людзей, якую трэба наведваць штомесяц. Але не заўсёды медыкі маглі трапіць да жанчыны, а калі траплялі, то жахаліся ўмовам пражывання. Згодна з сігнальным лістом, атрыманым ад хуткай дапамогі, пенсіянерка мае арганічнае расстройства асобы. Нагодай увайсці ў дом стаў сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і антысанітарыя. А запланаваны знос дамоў у Новым Свеце пад будаўніцтва медыцынскага-гасцінічнага цэнтру – супадзенне, і ён ніяк не звязаны з візітам службаў.

Ніна Іосіфаўна Сямёнава. Горадня. 14 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Гарадскія службы да Ніны Іосіфаўны прыехалі ў чэрвені, а паведамленне аб зносе дамоў прыйшло ў жніўні. Нягледзячы на ​​гэта, пенсіянерка лічыць, што гэтыя справы звязаныя. Зараз Ніна Іосіфаўна разам з сябрамі чакаюць медычнага заключэння і вырашэння сітуацыі з апекай над жанчынай.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў