Пенсіянер з Магілёва пагражае Лукашэнку, што спаліць сябе


Роўна тыдзень застаўся ў дзяржавы, каб аднавіць справядлівасць і вярнуць веру ў закон. 69-цігадовы жыхар Магілёва Уладзімір Пашчанка выставіў ультыматум уладам: альбо яны ўрэшце пакараюць хуліганаў, якія два гады таму збілі яго, альбо 15-га лістапада на знак пратэсту ён учыніць публічнае самазабойства.

«Калі не будуць выкананыя мае патрабаванні, якія я абвесціў прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, гаранту Канстытуцыі, якая не выконваецца, а правы асабістай свабоды парушаюцца, я ўжыву да сябе акт самаспалення!», – пагражае Уладзімір Пашчанка.

Пабілі за заўвагу

Два гады таму двое хлапцоў нападпітку праходзілі побач з сядзібаю пенсіянера. Адзін з іх памачыўся на плот, што і заўважылі гаспадар ды ягоны сын.

«На нашыя заўвагі: маўляў, што вы тут робіце, як вам не сорамна і ўвогуле знайшлі месца – яны павялі сябе агрэсіўна і пайшлі біцца. Спачатку на сына, а я сведкам быў. Спачатку сына адзін ударыў, потым другі. А я скокнуў: маўляў, чаго вы двох на аднаго! – і стаў паміж імі, каб канфлікт перадухіліць», – узгадвае пенсіянер

Аднак замест гэтага хуліганы накінуліся і на бацьку. Спадара Уладзіміра збілі настолькі моцна, што зламалі яму левае калена, а нападнік нават пашкодзіў свае кулакі аб твар пенсіянера. У пошуках праўды пацярпелы прайшоў усе інстанцыі – ажно да Вярхоўнага суда. У выніку вінаватым прызналі толькі аднаго з нападнікаў, асудзіўшы яму да трох гадоў «хіміі» і 30-ці мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампенсацыі маральнае шкоды. Пашчанку гэткае развязанне не задавальняе: ён патрабуе пакараць і другога нападніка, які ў справе праходзіць чамусьці як сведка. Нападнікі гэтак і не пакаяліся ў сваім учынку ды не выбачыліся перад пацярпелым у судзе.

Пенсіянера адгаворваюць ад самагубства

«Я яму гэтак і казаў: «Што ты псуеш нервы? Супакойся і плюнь на гэта ўсё, махні рукою!» «Не, я дакажу, я не магу, мой гонар закрануты!» Я кажу: «Тут столькі гонару ў гэтай краіне закранута – калі б усе падняліся, то даўно ўсё змянілася б!» «Не, я пайду!», – распавёў Вячаслаў Сікора, сябар Уладзіміра Пашчанкі.

Адгаворваюць ад крайняга кроку Уладзіміра Пашчанку не толькі сябры ды блізкія, але і праваабаронцы. Накласці на сябе рукі – не выйсце, цвердзіць Барыс Бухель з праваабарончага цэнтру «Вясна» і раіць мужчыну звярнуцца па дапамогу да адмыслоўцаў.

«Па-першае, ёсць вышэйшыя інстанцыі – звяртаемся туды. І ёсць СМІ, у тым ліку і вы: да вас звярнуліся, канкрэтную справу паказалі, прыцягнулі ўвагу. Ну а самаспаленне – гэта вельмі крайняя захада, і трэба, каб сапраўды былі дастаткова важкія падставы», – мяркуе праваабаронца Барыс Бухель.

Між тым крык адчаю ў нашай краіне робіцца ўсё часцейшы ды гучнейшы. Толькі сёлета па Беларусі прайшла цэлая хваля самагубстваў, звязаных найперш з пачуццём безвыходнасці і цяжкім эканамічным становішчам. Не даць чорнай статыстыцы павялічыцца яшчэ на адную смерць магілёўца час усцяж ёсць. Штопраўда, усё менш і менш.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў