Пенсіянер з Магілёву дамогся справядлівага суду праз пагрозу самаспалення


Уладзімір Пашчанка, 69-гадовы пенсіянер з Магілёва, праз пагрозу самаспалення вымусіў суд вынесці пакаранне двум хуліганам, што два гады таму збілі яго.

Двум мужчынам прысудзілі «хімію» і абавязалі сплаціць пацярпеламу 5 тысяч BYN кампенсацыі маральнай шкоды, паведамляе svaboda.org.

Уладзімер Пашчанка лічыць, што хоць яго крыўдзіцеляў Іконнікава і Сафонава і пакаралі, але тэрміны далі замалыя. Ён мае намер працягваць змагацца за свае правы.

Два гады таму двое хлапцоў нападпітку праходзілі побач з сядзібаю пенсіянера. Адзін з іх памачыўся на плот, што заўважылі гаспадар ды ягоны сын.

«На нашыя заўвагі: маўляў, што вы тут робіце, як вам не сорамна і ўвогуле знайшлі месца – яны павялі сябе агрэсіўна і пайшлі біцца. Спачатку на сына, а я сведкам быў. Спачатку сына адзін ударыў, потым другі. А я скокнуў: маўляў, чаго вы двох на аднаго! – і стаў паміж імі, каб канфлікт перадухіліць», – узгадвае пенсіянер.

Аднак замест гэтага хуліганы накінуліся і на бацьку. Спадара Уладзіміра збілі настолькі моцна, што зламалі яму левае калена, а нападнік нават пашкодзіў свае кулакі аб твар пенсіянера. У пошуках праўды пацярпелы прайшоў усе інстанцыі – да Вярхоўнага суда. У выніку вінаватым прызналі толькі аднаго з нападнікаў, асудзіўшы яму да трох гадоў «хіміі» і 30-ці мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампенсацыі маральнае шкоды. Пашчанку гэта не задавальняла: ён патрабаваў пакараць і другога нападніка, які ў справе праходзіў чамусьці як сведка.

Каб дабіцца ўвагі да сваіх патрабаванняў, Уладзімер Пашчанка выставіў уладам ультыматум : або яны ўрэшце пакараюць хуліганаў, або на знак пратэсту ён учыніць акт самаспалення.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў