Пенсіянер выціснуў вочы сабутэльніку, бо думаў, што гэта сон


У Горадні заведзеная крымінальная справа паводле артыкула аб нанясенні цяжкіх пашкоджанняў. Міліцыя паведамляе падрабязнасці злачынства, у выніку якога мужчыне выціснулі вочныя яблыкі.

Паводле праваахоўнікаў, двое мужчынаў у выходныя разам выпівалі. Пазней адзін з сабутэльнікаў вырашыў пайсці спаць.

«Праз некаторы час мужчына 1958 году вырашыў спраўдзіць, ці ўсё ў парадку ў ягонага таварыша, – паведамляе УУС Гарадзеншчыны. – Ён зайшоў у пакой да ўладальніка кватэры і пачаў трэсці яго, каб пераканацца, што той у добрым здароўі. Аднак мужчына не ацаніў клопату. Пасля абуджэння ён накінуўся на таварыша і пачаў яго душыць, а потым і ўвогуле пальцамі выціснуў вочныя яблыкі».

Мужчына, які такім чынам «бараніўся» сам і патэлефанаваў у «хуткую». У шпіталі пацярпеламу зрабілі аперацыю, але зрок вярнуць не ўдалося.

Падазраваны патлумачыў следчым, што яму сніўся сон, у якім на яго напалі некалькі чалавек. Мужчына прачнуўся, калі яго пачаў трэсці ягоны таварыш, але не зразумеў, што знаходзіцца ў рэальнасці і пачаў «адбівацца».

Падазраванаму пагражае абмежаванне свабоды ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленне свабоды ад 4 да 8 гадоў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў