Пазняк: Заява Алексіевіч накіраваная на распальванне рэлігійнай і сацыяльнай варожасці


Зянон Пазняк

Зянон Пазняк пракаментаваў скандальную заяву пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

На думку палітыка, у выглядзе нобэлеўскай лаўрэаткі «ворагі Беларусі на Захадзе (і на Усходзе) атрымалі гучны рупар, які будзе вяшчаць амаль што ў аўтаматычным рэжыме».

«Заява Алексіевіч накіраваная перш за ўсё на распальванне рэлігійнай і сацыяльнай варожасці ў беларускім народзе. Не прыпамінаю, каб хто калі (нават у асяроддзі адкрытых ворагаў ворагаў Беларусі) гэтак казаў», – напісаў Зянон Пазняк.

Абгрунтаванне пісьменніцай сваёй заявы словамі, што «чалавек дастаткова недасканалая істота, яму ў галаву можна ўкласці ўсё, што заўгодна» старшыня КХП-БНФ называе «тыповай мізантропіяй і зневажаннем чалавека»:

«Заўважце, у антыпатычнай заяве яна характэрна кантралюе правакацыйную ідэалогію, маўляў, каталікі пачнуць забіваць; каталікоў яна робіць агрэсарамі. Не, спадарства, тут не агаворка, тут паліттэхналогія, тэхналагічны пасеў нянавісці паміж людзьмі. Далей не звяртаць на такое ўвагі нельга, бо яно ніколі ня спыніцца. У дачыненні да Беларусі і беларускіх каштоўнасцяў мы бачым, што тут – ці Лукашэнка, ці Алексіевіч – абое рабое. Абодва шкодныя, толькі ў розных маштабах».

Відэасюжэт «Белсату» пра спрэчнае выказванне вядомай пісьменніцы

Зянон Пазняк заклікае, каб каталікі і праваслаўныя разам звярнуліся ў суд аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Святланы Алексіевіч паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо розні»).

Алексіевіч патлумачыла сваю заяву

Скандальныя словы Святланы Алексіевіч прагучалі 9 чэрвеня ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь». Тады пісьменніца заявіла:

«Вайна – тая, якую пачала Расея ў Данбасе, – гэта на сумленні Расеі. Таму што такую ​​вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю – там каталікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».

Пазней нобэлеўская лаўрэатка патлумачыла гучную заяву, сказаўшы, што гэта была метафара.

«Калі мне задалі пытанне пра Украіну, я сказала, што Крым – гэта, несумненна, акупацыя, а што тычацца Данбасу – гэта, вядома, вайна, развязаная Пуціным. Такую вайну можна развязаць у любым месцы. Можна адправіць туды танкі, пару машын з аўтаматамі, адмарозкі заўсёды якія-небудзь знойдуцца. Гэта можна разгайдаць і ў Беларусі, каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі. Трэба было мне сказаць, што і праваслаўныя з каталікамі, што ва Украіне нават праваслаўныя з праваслаўнымі [ваююць]. Ні пра якіх каталікоў, ні пра якую вайну ў Беларусі гаворка не ішла. Я здзіўляюся, як яны змаглі прачытаць усё гэта. Гэта была метафара, ня [літаральна] пра тое, што каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі», – адзначыла Святлана Алексіевіч у інтэрвʼю TUT.by.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў