Павышэнне коштаў ЖКГ найбольш ударыць па ўласніках афіцыйна нежылых кватэраў


Больш за два мільёны рублёў. У столькі абыдуцца камунальныя паслугі ў 2-пакаёвай кватэры з агульнай плошчай у 70 квадратных метраў і ніводным зарэгістраваным жыхаром.

Студзеньскія жыроўкі распісаны ажно на двух бланках. У адным – кошты за водазабеспячэнне і каналізацыю. У другой астатнія выдаткі ЖКГ, акрамя электраэнергіі і газу, якія аплачваюцца асобна па паказаннях лічыльнікаў.

У новы рахунак дадаліся кошты за санітарнае ўтрыманне пад’ездаў, іх асвятленне, абслугоўванне ліфту, энергія, якую ён спажывае.

Энергія за ліфт будзе разлічвацца ў залежнасці ад колькасці жыльцоў: чым больш зарэгістраваных, тым больш эксплуатацыя ліфта, адпаведна больш плаціць.

Плата за ягонае тэхабслугоўванне і асвятленне пад’ездаў разлічваецца ў залежнасці ад колькасці кватэр.

Акрамя гэтага ад пачатку году на 33% павысіліся тарыфы на ацяпленне і гарачую ваду. Менавіта гэтыя пункты найбольш дорага абыходзяцца беларусам. Норма спажывання вады на аднаго зарэгістраванага – 140 літраў на месяц. Яна аплочваецца паводле субсідаванага кошту. Усё, што звыш гэтай нормы, аплочваецца паводле тарыфаў, якія цалкам пакрываюць выдаткі на іх аказанне. Таксама ўласнікам кватэр, дзе ніхто не прапісаны, налічваюць тэхнічнае абслугоўванне пад’езда па поўным тарыфе.

Атрымліваецца, што найбольш будуць вымушаныя плаціць жыхары здымных кватэр, дзе афіцыйна ніхто не прапісаны і не жыве.

Менгарвыканкам патрабуе пакрываць камунальныя паслугі і плату за карыстанне жылым памяшканнем пунктуальна да 25 чысла кожнага наступнага месяца. Цягам 5 дзён даўжніку выносяць папярэджанне, а пасля 30-га адключаюць гарачае і халоднае водазабеспячэнне ды электраэнергію.

Наступныя меры спагнаць аплату за ЖКГ: змяшчэнне дадзеных даўжніка ў адмысловым спісе на інфармацыйных дошках і пазоў у суд.

Нагадаем, 20 студзеня Рада міністраў выдала пастанову №32 «Аб унясенні зменаў у пастанову Рады Міністраў РБ ад 30 снежня 2013 г. №1166». Паводле яе, ад 1 студзеня тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне выраслі на 33%.

Ад 15 лютага дзейнічае пастанова пра памежна дапушчальныя планава-разліковыя кошты на паслугі ЖКГ. «Дакумент прыняты ў метах забеспячэння выдаткаў па прадстаўленні насельніцтву жыллёва-камунальных паслугаў», піша афіцыйны сайт Рады міністраў.

Пастанова прадпісвае аблвыканкамам і Менскаму гарадскому выканаўчаму камітэту ўсталяваць верхнюю мяжу коштаў за водаадвядзенне, водазабеспячэнне, цеплаэнергію для патрэбаў ацяплення і гарачай вады, тэхабслугоўванне жылых дамоў, ліфтаў, вываз цвёрдых камунальных адкідаў.

Кошты маюць быць разлічаны з улікам прагназаванага сярэдняга курсу беларускага рубля да амерыканскага долара (22 179 Br) і індэкса спажывецкіх коштаў (115,1%)

«Гэта гульня бухгалтарскімі трукамі, – каментуе эканаміст Сяргей Чалы. – На практыцы людзі не будуць плаціць менш. Так, як раней было з тарыфамі для льготнікаў, якія не адпавядалі рэальным».

Сярод фактараў павышэння паслугаў ЖКГ – выкананне патрабаванняў МВФ, паводле якіх грамадзяне павінны пакрыць 100% выдаткаў на камунальныя плацяжы і транспарт.

«Каб хутчэй атрымаць грошы ад міжнароднай структуры, ім імкнуцца паказаць, што мы наблізіліся да 100%-й мяжы. У 2010 годзе, перад выбарамі, людзям казалі, што іх заробак мог бы быць 1000-2000 долараў, аднак тады прыйдзецца кампенсаваць увесь аб’ём паслугаў ЖКГ і транспарт. Што цяпер? Лукашэнка выканаў толькі адну з двух частак абяцанняў», – кажа Сяргей Чалы.

Яшчэ адна прычына павышэння коштаў – ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання, калі прадпрыемствы плацяць за камунальныя шмат, а насельніцтва – мала.

«Гэта планавалася, каб зменшыць нагрузку на заводы, адпаведна, каб іх прадукцыя стала больш канкурэнтна здольнай у параўнанні з прадукцыяй суседніх краін. Але і тут таксама выкананы толькі бок: цяпер усе будуць плаціць на 100%», – гаворыць Сяргей Чалы.

Х.М., belsat.eu

Стужка навінаў