Паводле Transparency International, карупцыі ў Беларусі стала менш. Ці праўда гэта?


За апошні год у рэйтынгу ўспрымання карупцыі Беларусь паднялася на 68-ае месца. Раней нашая краіна займала 79-ае месца ў Індэксе ўспрымання карупцыі.

З выніковымі 44 баламі Беларусь падзяліла пазіцыю з Ямайкай і Аманам. Пра гэта паведамляе міжнародны рух па супрацьдзеянні карупцыі Transparency International.

Для падлікаў выкарысталі даследаванні шэрагу міжнародных арганізацыяў, у тым ліку Сусветнага банку і Freedom House. У іх прааналізаваныя інвестыцыйныя рызыкі, узровень жыцця, свабода слова, умовы вядзення бізнесу ды іншыя паказнікі.

Лідары і аўтсайдары індэксу апошнія некалькі гадоў застаюцца нязменнымі: першыя месцы займаюць Новая Зеландыя (89 балаў), Данія (88 балаў), Фінляндыя, Нарвегія і Швейцарыя (па 85 балаў). У канцы рэйтынгу Самалі (9 балаў) і Паўднёвы Судан (12 балаў).

Украіна і Расея на 130-ым і 135-ым месцы адпаведна. Польшча займае 36-ае месца, Літва і Латвія – 39-ае і 40-ае.

Беларусь зрабіла значны скачок па выніках 2016 года – са 107-га на 79-е месца, адзначае tut.by.

Нягледзячы на аптымістычныя вынікі Transparency International, у Беларусі адзначаецца катастрафічны рост карупцыі. Летась у Беларусі зафіксавалі 1922 выпадкі хабарніцтва. Гэта ў паўтара разу больш, чымся годам раней. А ў 2016-ым Міністэрства ўнутраных справаў таксама адзначыла рост карупцыйных злачынстваў на 12,8 %.

У 2017 годзе паводле абвінавачання ў атрыманні хабару затрымалі цэлы шэраг буйных беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх – намеснік генеральнага дырэктара заводу «БелАЗ», начальнік транспартавай інспекцыі Мінтрансу, былы старшыня Салігорскага райвыканкаму, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі з Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў