Павел Стэфановіч: Каноплі – гэта перспектыўны бізнес для нашай сельскай гаспадаркі


«Белсат» паразмаўляў з сябрам Абʼяднанай грамадзянскай партыі Паўлам Стэфановічам, які хоча балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Галоўныя пункты ягонай праграмы – змаганне з хатнім гвалтам і легалізацыя канопляў.

– Нашая апазіцыя ўжо не першы раз кажа: у нас няма выбараў і пройдуць толькі тыя кандыдаты, якія ідуць спісам ад афіцыйных уладаў. Тым не менш вы ідзяце на выбары. Гэта што: самапіяр, вы хочаце, каб вас запомнілі такім маладым, крэатыўным, прыгожым?

– Мне здаецца, што мая праграма – не піяр, бо яна акурат адпавядае сучасным нормам і трэндам ва ўсім свеце: у Еўропе, у Лацінскай Амерыцы, у ЗША. І змаганне з хатнім гвалтам, і легалізацыя каноплі – гэта шлях, якім ідзе заходняя цывілізацыя. Я разумею, што выбараў у Беларусі няма, і верагоднасць таго, што нехта з апазіцыянераў акажацца ў новым складзе парламенту, – яна вельмі малая. Але ў нас кожныя 4 гады ёсць магчымасць паразмаўляць з нашымі выбарцамі, распавесці пра праблемы, якія кожны з нас лічыць важнымі. Таму я выбраў тыя тэмы, якія датычаць кожнага з нас. Кожная чацвёртая беларуская жанчына зʼяўляецца ахвярай хатняга гвалту, некалькі сотняў чалавек штогод аказваюцца ў турме праз тое, што яны ўжываюць марыхуану. Натуральны, гэта вялікія праблемы. Мы ўсім грамадствам можам змагацца з імі, але не тымі метадамі, якімі звычайна змагаюцца нашыя ўлады.

– У нас шмат грамадскіх арганізацыяў, таксама ёсць дзяржаўныя праекты, якія прадугледжваюць барацьбу з хатнім гвалтам – ствараюцца адмысловыя пакоі, дзе жанчына можа пабыць, калі ёй пагражае небяспека. Ці ў вас будзе нешта новае, ці ў нас недастаткова праграм, якія існуюць у нашай краіне?

– У нас ёсць праект закону, які прадугледжвае асноўную працу не толькі з ахвярай, але і з гвалтаўніком, з тым чалавекам, якія здзяйсняе гвалт, злачынства. Мэта гэтага закону – ізаляваць такога чалавека ад сямʼі. Неабавязкова гэтая ізаляцыя звязаная з пазбаўленнем волі. Гэта можа быць абарончы орган, каб гэты чалавек не меў права набліжацца да ахвяры, каб ён пакінуў памяшканне, дзе адбылося злачынства, нават калі ён зʼяўляецца ўласнікам, каб ён не меў права ведаць, дзе знаходзіцца ягоная ахвяра, калі яна супраць, і гэтак далей. Такія захады, якія здолеюць ізаляваць ахвяру і гвалтаўніка на тэрмін ад 15 дзён да 6 месяцаў, таксама, як і крымінальны пераслед, змогуць змяніць нашую сітуацыю.

– А што наконт легалізацыі каноплі?

– Самая ідэя таго, што каноплі трэба забараніць, – гэта не нашая ідэя, гэта ідэя Захаду, пра які мы так часам дрэнна кажам, у тым ліку і нашыя афіцыйныя органы. Гэта ж заходняя ідэя. Усё пачалося ў першай палове XX стагоддзя – гэта быў моцны лабізм тых кампаніяў, якія робяць паперу з дрэваў, бо з канопляў раней таксама рабілі паперу. Амерыканскія долары, амерыканская Канстытуцыя былі надрукаваныя на канаплянай паперы калісьці. Ужо пасля Другой сусветнай вайны каноплі забаранілі дзеля таго, каб абмежаваць антываенны рух, напрыклад, хіпі. Тады хацелі дэманізаваць гэты рух, сказаць, што гэтыя людзі – наркаманы, бо яны ўжываюць каноплі. Гэтыя рэчы былі забароненыя на Захадзе не таму, што ад іх вялікія праблемы для здароўя чалавека, а таму, што гэта былі палітычна-эканамічныя крокі.

– Хто будзе гэтым займацца? Хто ў нас будзе вырошчваць каноплі: калгасы, саўгасы?

– Натуральна, вырошчванне канопляў – гэта перспектыўны бізнес для нашай сельскай гаспадаркі, якая знаходзіцца не ў найлепшай сітуацыі. Больш за тое, каноплі можна ўжываць не толькі для палення, але і вырабляць з яе тканіну, вопратку, абутак, рабіць масла і гэтак далей. У нас ёсць вялікае поле, каб рэалізаваць гэтую палітыку.

– У нашай краіне забароненая прапаганда наркотыкаў. Ці не будзе тут праблем з заканадаўствам?

– Мая мэта ў гэтай кампаніі адштурхнуць людзей ад самага дрэннага, напрыклад, ад спайсу, ад турмы, і прапанаваць ім больш гуманную, больш здаровую і больш маральную для нашай дзяржавы альтэрнатыву.

– Хто вашая аўдыторыя, на вашую думку?

– Натуральна, што гэта людзі да 35-40 гадоў з прыбыткам вышэй за сярэдні, якія шмат паездзілі па Еўропе і ведаюць, што тыя захады, якія я прапаноўваю, – не вядуць да павальнай наркаманіі.

Размаўляла Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў