Павел Севярынец назваў прыярытэт абаронцаў Курапатаў


У Курапатах сёння адбыўся сход абаронцаў, на якім удзельнікі пратэсту супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім» вызначылі план дзеянняў на тыдзень.

Як паведаміў belsat.eu сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, на сходзе прысутнічалі каля дзесяці актывістаў. Сярод іх – Леанід Кулакоў, Наталля Гарачка-Басалыга, Дзяніс Урбановіч, святар Беларускай аўтакефальнай царквы а. Вікенцій ды іншыя.

«Нас пільнавалі адразу чацвёра міліцыянтаў, вельмі актыўна лезлі з аператыўнымі здымкамі», – распавёў Севярынец. Пры гэтым ніхто з удзельнікаў сходу не быў затрыманы.

Паводле Севярынца, абаронцы Курапатаў пацвердзілі свой намер працягваць варту да Дзядоў (2 лістапада).

«Мы таксама вызначыліся з параметрамі нашай варты: як мінімум тры асобы мусяць стаяць штодня. У наступны панядзелак а 12-й мы правядзем у Курапатах прэс-канферэнцыю аб байкоце «Паедзем, паядзім», на якой падрабязней распавядзем пра запланаваныя акцыі. Дакладна можна сказаць, што ўсё яны будуць накіраваныя выключна на закрыццё рэстарацыі.

Напрыклад, мы збіраемся інфармаваць жыхароў бліжэйшых дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі аб байкоце, каб яны далучаліся. Але сёння мы і так бачым, што беларускі народ збольшага сам байкатуе гэтую ганебную рэстарацыю, не ходзіць туды», – сказаў Павел Севярынец.

Акрамя таго, пратэстоўцы сабралі амаль 200 подпісаў пад зваротам з патрабаваннем спыніць дзейнасць «Паедзем, паядзім». Гэты зварот яны неўзабаве пададуць у Савет міністраў на імя прэм’ера Сяргея Румаса.

«Кабякоў заўжды дасылаў нам адпіскі. Новага ж прэмʼера некаторыя стрымана хваляць, вось і паглядзім на асабістыя якасці чалавека», – рэзюмаваў палітык.

Варта супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах трывае больш за 100 дзён. За гэты час актывістаў і журналістаў, якія асвятлялі пратэсты, неаднаразова затрымлівалі міліцыянты, а суды каралі вялікімі штрафамі ды адміністрацыйнымі арыштамі. Павел Севярынец за гэтае лета агулам правёў 30 содняў за кратамі.

ВІДЭА
Журналістку «Белсату» аштрафавалі за стрым з прэс-канферэнцыі Зайдэса
2018.09.16 10:40

Саўладальнік «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдэс заявіў, што не збіраецца закрываць або пераносіць рэстарацыю і з пратэстоўцамі весці перамовы ён не будзе

***

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

КА, belsa.eu

Стужка навінаў