Павел Севярынец напісаў заяву на БТ за распаўсюд асабістых звестак


Палітык Павел Севярынец накіраваў сваю заяву ў пракуратуру і Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту Менску.

Заява тычацца распаўсюду ў праграме Белтэлерадыёкампаніі «Званок сябру» звестак, якія на думку Паўла Севярынца, складаюць асабістую таямніцу.

Палітык адзначыў, што 12 сакавіка 2017 года ў тэлепраграме былі распаўсюджаныя звесткі аб ягонай тэлефоннай размове са Змітром Дашкевічам. Белтэлерадыёкампаніяй не былі арганізаваныя меры супраць магчымай ідэнтыфікацыі Паўла Севярынца староннімі асобамі, а наадварот, у эфіры было размешчанае фота с подпісам «П.Севярынец».

Палітык мяркуе, што дзеянні БТ з’яўляюцца незаконнымі і парушаюць не толькі арт. 37 і арт. 40 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», але і арт. 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаецца права кожнага на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у тым ліку ад умяшальніцтва ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных альбо іншых паведамленняў, на ягоную годнасць і гонар.

«Таксама, дзеянні Белтэлерадыёкампаніі парушаюць артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім ніхто не можа падвяргацца адвольнаму альбо супрацьпраўнаму ўмяшальніцтву ў асабістае альбо сямейнае жыццё, адвольным альбо супрацьпраўным замахам на недатыкальнасць ягонага жылля альбо таямніцы ягонай карэспандэнцыі альбо супрацьпраўным замахам на ягоны гонар і рэпутацыю», – падкрэслівае Павел Севярынец.

Ён просіць пракуратуру і Следчы камітэт правесці праверку, устанавіць асобаў, па віне якіх парушанае яго канстытуцыйнае права на таямніцу асабістага жыцця, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў