Павал Севярынец затрыманы на мяжы. Кнігі Зянона Пазняка могуць знішчыць


На польска-беларускай мяжы на памежным пропуску ў Брузгах учора ўвечары быў затрыманы былы палітвязень і сябра БХД Павел Севярынец.

Экстрэмісцкая літаратура

Паводле затрыманага, мытнікі зразумелі, з кім маюць дачыненне, правяраючы ягоны ​​пашпарт. Апазіцыянера высадзілі з аўтобусу, які ехаў з Беластоку, для праверкі багажу. Афіцэры канфіскавалі 20 экзэмпляраў кніг Зянона Пазняка, які цяпер жыве ў эміграцыі. Падставай для канфіскацыі стала падазрэнне, што публікацыі маюць экстрэмісцкі змест.

«Кнігі цяпер маюць перадаць у Выканаўчы камітэт Гарадзенскай вобласці, як экстрэмісцкую літаратуру. На месцы гарадзенскіх мытнікаў, я б увогуле паставіў помнік Зянону Пазняку – ён з’яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай дзяржавы і дзяржаўнай памежнай службы. А замест гэтага яны забіраюць яго кнігу» – сказаў Павел Севярынец «Белсату».

Апазіцыянер выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што, такім чынам, урадавыя чыноўнікі Горадні, па меншай меры, будуць мець магчымасць азнаёміцца ​​з працай дысідэнта. Напрыклад, з перакладам сярэднявечнай паэмы пра Парцыфаля (герой з сагі пра караля Артура – рэд.).

Севярынец правёў на мяжы каля пяці гадзінаў і быў выпушчаны толькі а трэцяй раніцы.

У 2011 годзе Паўла Севярынца прыгаварылі да выпраўленчых працаў на тры гады ў адным з калгасаў. Апазіцыянер быў абвінавачаны нібыта ў арганізацыі закалотаў падчас дэманстрацыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У выніку амністыі яго тэрмін зменшылі да двух гадоў, вызваліўшы ў кастрычніку 2013 года.

Фатаграфічны экстрэмізм

Справа нагадвае арышт дзясятка асобнікаў фотаальбому конкурсу «Беларусь – Press Photo». У лістападзе 2012 года мытнікі канфіскавалі ў дзвюх фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча альбомы, якія яны перавозілі з Літвы ў Беларусь. Гарадзенскія ўлады стварылі камісію, якая пацвердзіла, што прадстаўленыя здымкі «няправільныя, не адпаведныя рэчаіснасці здагадкі пра жыццё ў Беларусі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах».Канфіскаваныя публікацыі былі знішчаныя як нелегальны прадукт.

ЯБ, belsat.eu

Стужка навінаў