Паўтысячы рабінаў усё ж упусцілі ў Беларусь


Лёзна Віцебскай вобласці прыняло 500 рабінаў, удзельнікаў Кангрэса рабінаў Еўропы. Калектыўная малітва рабінаў Еўропы, якая мелася адбыцца сёння ў Лёзне Віцебскай вобласці, аказалася пад пагрозай.

500 іўдзейскіх святароў не хацелі пускаць у Беларусь расейскія спецслужбы.

Кангрэс рабінаў Еўропы праходзіць з 18 па 26 жніўня ў Маскве. 22 жніўня 500 рабінаў з 30 краінаў Еўропы выехалі са Смаленску ў Лёзна для ўдзелу ў калектыўнай малітве і наведвання мемарыялу «Адаменская горка» у беларускім райцэнтры. Аднак уехаць у Беларусь яны не змаглі – на мяжы яны былі спыненыя супрацоўнікамі памежнай службы ФСБ Расеі па Смаленскай вобласці.

Zrzut ekranu 2016-08-22 o 18.54.01
Фота belta.by

«Паколькі большасць чальцоў дэлегацыі зʼяўляюцца замежнікамі – гэта значыць не беларусамі і не расейцамі – на іх не распаўсюджваецца дзеянне палажэнняў аб перасячэнні мяжы грамадзянамі Саюзнай дзяржавы. Адпаведна, трапіць з Расеі ў Беларусь яны могуць толькі праз міжнародныя пункты пропуску», – лічаць у расейскіх спецслужбах.

«Акрамя таго, у большасці дэлегатаў няма беларускай візы. Калі б яны прыбывалі ў Беларусь праз міжнародныя пункты пропуску, або напрыклад, прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», яны маглі б атрымаць дазвол на ўезд у краіну. А на расейска-беларускай мяжы такіх пунктаў выдачы візы няма», – дапоўніў прадстаўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.

А тым часам у Лёзне чакаюць вялікую дэлегацыю. Чакае дэлегацыю і Аляксандр Лукашэнка, які накіраваў прывітанне дэлегатам Кангрэсу рабінаў Еўропы.

Фота belta.by
Фота belta.by

«Нашая дзяржава і грамадства, валодаючы багатымі духоўнымі традыцыямі і каштоўнасцямі, адданыя прынцыпам талерантнасці і адкрытасці да дыялогу. Мы набылі ўнікальны досвед захавання і падтрымання міжканфесійнага міру і згоды, якім па праву ганарымся», – гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь зʼяўляецца ўтульным домам, у якім сябе камфортна адчуваюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Ён таксама адзначыў, што сёння юдаізм займае годнае месца сярод розных канфесіяў краіны, а мерапрыемствы, што праводзяцца іўдзейскімі рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі, важныя і значныя для грамадства.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў