Паўночная Карэя заявіла пра запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты




Улады КНДР запусцілі ракету «Хвасон-14» са свайго ўсходняга ўзбярэжжа ў кірунку Японскага мора. 

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Паўднёвай Карэі.

«Паўночная Карэя выпусціла з ваколіцаў Пхенан-Пукто ў Японскае мора неапазнаную балістычную ракету прыкладна а 9:40 раніцы. Нашыя вайскоўцы знаходзяцца ў баявой гатоўнасці ў сувязі з магчымай правакацыяй з боку Паўночнай Карэі», – сказаў прадстаўнік Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі.

Снарад праляцеў 930 кіламетраў і упаў у эканамічнай зоне Японіі. Марская служба бяспекі гэтай краіны заклікала ўсе караблі захоўваць асцярожнасць ды інфармаваць улады пра магчымыя абломкі ракеты. Цяпер звестак аб магчымай шкодзе паветраным і марскім судам няма.

Пхеньян заявіў, што мае ракетны патэнцыял, каб паразіць цэль у кожнай кропцы свету.

«Са ста пускаў сто будуць паспяховымі», – гаварыцца ў публікацыі паўночнакарэйскай партыйнай газеты «Надон сінмун».

Дзеянні КНДР асудзілі не толькі суседнія краіны.

«Паўночная Карэя толькі што выпрабавала яшчэ адну ракету. Ім што, няма чым больш заняцца? Я не думаю, што Паўднёвая Карэя і Японія будуць мірыцца з гэтым. Магчыма, Кітай зробіць нейкі сурʼёзны крок і скончыць з гэтым раз і назаўсёды», – напісаў Трамп у Twitter.

Апошні раз КНДР запускала балістычную ракету ў красавіку. Тады запуск скончыўся няўдала.

«З кожным паспяховым ядравым выбухам і ракетным выпрабаваннем КНДР, Паўночна-Усходняя Азія і свет у цэлым становяцца бліжэй да нестабільнасці і маштабнага канфлікту. Пагроза ядравай атакі Паўночнай Карэі на Сеул і Токіа ўжо рэальная. Толькі пытанне часу, калі Паўночная Карэя будзе валодаць магчымасцямі, каб нанесці ўдар па ЗША», – заявіў тады дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў