Паўднёвыя карэйцы выпусцілі ў неба над КНДР улёткі, флэшкі, DVD-дыскі і $ 2 000


Акцыя прысвечаная да 105-х угодкаў з дня нараджэння Кім Ір Сэна.

Актывісты з Паўднёвай Карэі запусцілі ў неба над КНДР паветраныя балонікі з 300 тыс. улётак, у якіх крытыкуюць паўночнакарэйскі рэжым і абвінавачваюць Кім Чэн Ына ў забойстве старэйшага брата, Кім Чон Нама, якое адбылося ў лютым у Малайзіі.

Да балонікаў таксама прымацавалі дзве тысячы аднадоларавых банкнотаў, тысячу флэшак і тысячу DVD-дыскаў, падае «Інтэрфакс».

Медыі пішуць, што на ваенным парадзе Паўночная Карэя прадэманстравала каля 60 ракетаў, уключаючы балістычныя ракеты падводных лодак і новыя міжкантынентальныя балістычныя ракеты.

Парад прымаў асабіста Кім Чэн Ын. Падчас выступлення на парадзе віцэ-маршал Карэйскай Народнай Арміі Чхве Рон Хе заявіў, што КНДР гатовая адказаць ядравым ударам на ядравы ўдар ЗША.

На пачатку тыдня да берагоў Паўночнай Карэі рушыла амерыканская эскадра на чале з авіяносцам. Учора яна спынілася ў 500 км ад меркаванага ядравага палігону Паўночнай Карэі.

Апытаныя журналістамі Reuters напярэдадні 105-х угодкаў з дня нараджэння Кім Ір Сена жыхары Пхеньяну заявілі, што не баяцца ядравага ўдару ЗША па іхнай краіне.

Раскідванне агітацыйных матэрыялаў абедзвюма Карэямі над тэрыторыяй праціўніка пры дапамозе паветраных шарыкаў распачалося падчас Карэйскай вайны і атрымала назву «балонікавай прапаганды». Да сёння паўднёвакарэйскія НДА выкарыстоўваюць гэты метад, каб даставіць у КНДР інфармацыйныя матэрыялы і іншыя рэчы.

ДД

Стужка навінаў