Паўднёвакарэйскіх спявачак прынялі за прастытутак і не пусцілі ў ЗША


Удзельніцы жаночай поп-групы з Паўднёвай Карэі правялі 15 гадзін пад вартай у аэрапорце Лос-Анджэлесу, паколькі іх прынялі за работніц секс-індустрыі.

Восем дзяўчат з групы «Oh My Girl» былі затрыманыя падчас надгляду – мытнікам падаліся падазронымі іх касцюмы і рэквізіт.

Паўднёвакарэйская поп-група ў поўным складзе прыляцела ў ЗША на здымкі фота для вокладкі іх новага альбома.

Менеджары групы сцвярджаюць, што супрацоўнікі аэрапорту затрымалі іх, паколькі ўсе артысткі вельмі маладыя – ім ад 15 да 21 года.

Пасля вызвалення з-пад варты яны вылецелі назад у Паўднёвую Карэю.

Кампанія гуказапісу «WM Entertainment» мае намер пракансультавацца з юрыстамі, каб усталяваць, ці было законным затрыманне групы.

Пакуль не ясна, ці вернуцца дзяўчыны зноў у Лос-Анджэлес. Першапачаткова планавалася, што яны выступяць там з канцэртам у суботу.

Група «Oh My Girl» была створаная ў сакавіку 2015 года.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў