Паўтысячы свіней загінулі на ААТ «Забалоцкі», якое будаваў праектант маладзечанскіх свінакомплексаў


536 жывёлін хутчэй за ўсё атруціліся газам з-за праблем у сістэме вентыляцыі і ацяплення, мяркуюць працаўнікі свінагадоўчай гаспадаркі.

«Нястача кіслароду і разрыў лёгкіх у свіней»

Здарэнне адбылося ноччу з суботы на нядзелю. Пра гэта паведаміў супрацоўнік ААТ «Забалоцкі», які прасіў не называць ягонага імя:

«Кажуць, што газ выйшаў, не спрацавала сігналізацыя. У выніку – нястача кіслароду і разрыў лёгкіх у свіней. У нас жа газавае ацяпленне. Недзе фортачак мабыць не адчынілі, нейкія збоі ў сістэме».

Начальнік свінагадоўчага комплексу прадпрыемства Сяргей Казлоў каментаваць сітуацыю адмовіўся.

Дырэктар ААТ «Забалоцкі» Міхаіл Вечар пацвердзіў інфармацыю пра падзеж свіней. З ягоных словаў таксама стала вядома, што цяпер вядзецца следства па гэтым факце. Справай займаецца менскае абласное аддзяленне Следчага камітэту.

«Я ўвогуле цяпер у адпачынку, і без следчага я вам болей нічога не скажу», – паспяшаў развітацца кіраўнік гаспадаркі.

Таксама не атрымалася ўзяць каментар у Аляксандра Шаплыкі – намесніка старшыні Любанскага раённага выканаўчага камітэту ў пытаннях жывёлагадоўлі.

«Я не буду нічога каментаваць. Ідзе следства. Усе аналізы цяпер у лабараторыі, яшчэ нічога не вядома. Людзі кажуць, што ад газу задыхнуліся. У нас ёсць другая версія, і трэцяя, і чацвёртая. Усё, больш ніякіх каментароў», – сказаў чыноўнік.

«Вялізныя фермы небяспечныя і для свіней, і для людзей»

Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэсу беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў, аграном паводле адукацыі, які шмат год прапрацаваў у сельскагаспадарчых комплексах Менскай вобласці, зазначыў, што фермы з вялікім пагалоўем  нясуць у сабе значную небяспеку. Пагроза гэтая як для жывёлы, так для людзей і экалогіі.

«Калі дакладна выконваць усе тэхналогіі  ўтрымання жывёлы, такіх сітуацый – не адкрылі фортачкі, збой у сістэме – увогуле не мусіць быць, – зазначыў спадар Ярашук. – Але ў нас яшчэ вельмі далёка да таго, каб усе патрабаванні выконваліся».

Таму, заўважыў эксперт, занепакоенасць маладзечанцаў, якім давядзецца жыць побач са свінакомплексамі на 100 тысяч галоў, цалкам абгрунтаваныя. Паводле спадара Ярашука, калі на ферме такое вялізнае пагалоўе, заўсёды існуе рызыка і няшчасных выпадкаў, і хваробаў. Пасці могуць і паўтысячы, і некалькі тысячаў свіней. А гэта – дадатковая пагроза.

«Жывёлу, якую пала, захоўваюць у адмысловых магільніках. Але калі закладаюць аб’ём гэтых магільнікаў, ніхто не разлічвае, што падзе, напрыклад, усё пагалоўе. І мы памятаем, як у нас тушы проста выкідалі ў лесе, ці ў вадаёмы, – зазначыў эксперт. – А ў такія месцы маюць доступ дзікія жывёлы, птушкі, і далей разносяць хваробы».

У складзе ААТ «Забалоцкі» ў Любанскім раёне маецца свінагадоўчы комплекс, на якім вырошчваецца 24 тысячы свіней у год. Будавала комплекс фірма «Агрыка», якая цяпер займаецца распрацоўкай праекту для двух свінакомплексаў на 100 тысяч галоў пад Маладзечна.

На грамадскіх слуханнях па гэтых свінакомплексах, прадстаўнік «Агрыкі» Аркадзь Юдасін запэўніваў, што праект робіцца паводле самых дасканалых еўрапейскіх тэхналогій, і прыводзіў ААТ “Забалоцкі” як узор ужо пабудаваных кампаніяй аб’ектаў.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў