Пацярпелым у сутыкненні цягніка «Масква-Берасце» і электрычкі выплацяць кампенсацыю ў Расеі


Сума кампенсацыі за пашкоджанную маёмасць складзе да 400 долараў, за фізічныя траўмы – да 35 тысячаў долараў у залежнасці ад ступені цяжкасці.

Беларусы, пацярпелыя ад сутыкнення цягніка «Масква-Берасце» і электрычкі 8 красавіка ў Маскве, могуць атрымаць кампенсацыю ад кампаніі «Согаз», якая зʼяўляецца афіцыйным страхаўшчыком расейскай чыгункі. Усе пасажыры цягнікоў пры набыцці квітка аўтаматычна плацяць гэтую страхоўку.

Як атрымаць кампенсацыю, belsat.eu паведамілі спецыялісты кампаніі. За пашкоджаную ў няшчасным выпадку маёмасць можна атрымаць да 400 долараў. У выпадку фізічных траўм сума можа скласці да 2 мільёнаў расейскіх рублёў (прыкладна 35 тысячаў долараў), але гэта толькі ў выпадку цяжкіх траўм.

«Кожны выпадак будзе разглядацца асобна ў залежнасці ад ступені цяжкасці і пры наяўнасці ўсіх неабходных пацверджанняў», паведамілі ў «Согаз».

Пры лёгкіх траўмах сумы выплат будуць значна меншымі.

У «Согаз» таксама паведамілі, што беларусы могуць звяртацца па страхавыя выплаты праз пошту. Афіцыйнага прадстаўніка іх кампаніі ў Беларусі няма, таму ўсе працэдуры будуць праходзіць у Маскве.

Пасля сутыкнення цягніка «Масква-Берасце» і электрычкі ў Маскве за медыцынскай дапамогай звярнуліся каля 50 чалавек. 2 беларусаў дагэтуль знаходзяцца ў шпіталі ў Маскве.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў