Пацяпленне на лініі Менск–Варшава


Менск, лістапад 2010, да прэзідэнцкіх выбараў крыху больш за месяц, у Беларусі адносная лібералізацыя і, як вынік, – чарговая адліга ў дачыненнях Менску з Бруселем. Тады адразу два міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу – Гіда Вэстэрвэле з Нямеччыны і Радослаў Сікорскі з Польшчы – прыехалі на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасля брутальнага разгону Плошчы 19 снежня 2010 гасцей такога маштабу з Польшчы ў Лукашэнкі не было. Да сённяшняга дня. Што праўда, візіт у Беларусь міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі распачаў не з сустрэчы са сваім калегам Уладзімірам Макеем і нават не з кіраўніком Беларусі. Спярша ён наведаў Курапаты, месца, дзе побач з тысячамі нашых продкаў у безыменных магілах ляжаць у тым ліку і палякі.

«Мы разам з беларусамі хочам шанаваць гэтае месца памяці. Мы ні ў чым не абвінавачваем беларускі народ, бо гэтаксама, як і мы, беларусы ў мінулым былі ахвярамі імперыяў з усходу ці з захаду, якія акупавалі нашыя землі ды нішчылі нашыя народы», – сказаў Вітальд Вашчыкоўскі.

У размове з журналістамі кіраўнік польскага МЗС абяцаў згадаць падчас сустрэчы з уладамі Беларусі шэраг спрэчных пытанняў, у тым ліку ўзняць праблему правоў чалавека, Саюзу палякаў у Беларусі ды акрэдытацыі для замежных медыяў, гаворка перадусім пра тэлеканал «Белсат».

«Мы б жадалі, каб усе медыі ў Беларусі працавалі ў роўных умовах. Калі будзе магчымасць размовы на гэты конт, безумоўна, мы падымем гэтае пытанне. Ніякія медыі не шкодзяць, але толькі інфармуюць», – распавёў Вітальд Вашчыкоўскі.

Яшчэ адно пытанне, якое на парадку дня сустрэчы польскага міністра з беларускімі ўладамі – спрашчэнне візавага рэжыму паміж краінамі. Пра гэта Вашчыкоўскі заявіў падчас наведвання польскага візавага цэнтру, які днямі запрацаваў у гандлёвым цэнтры «Галілеа».

«Неабходныя біяметрычныя пашпарты, трэба, каб у Беларусі працавала больш консулаў, і тады сам працэс будзе прасцейшы і таннейшы, і візы будуць таннейшыя», – зазначыў міністр замежных справаў Польшчы.

Не толькі візавае пытанне, але і эканамічную супрацу Менску і Варшавы, іх узаемадзеянне ў межах міжнародных арганізацыяў ды сітуацыю ў рэгіёне Вітальд Вашчыкоўскі абмеркаваў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем.

«Хацеў б выразіць удзячнасць нашым польскім сябрам за іх прагматычную пазіцыю ў пытанні зняцця санкцыяў супраць Беларусі», – падзякаваў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

Шчыльны працоўны графік кіраўніка Польскага МЗС працягнуўся сустрэчаю з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці Беларусі, на заўтра ж запланаваная сустрэча Вашчыкоўскага з Аляксандрам Лукашэнкам.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Стужка навінаў