Паці Сміт на ўручэнні Нобэляў двойчы забылася тэкст песні Дылана

video

На цырымонію Нобэлеўскіх узнагародаў сам лаўрэат, які і абяцаў, не прыехаў.

У сярэдзіне кастрычніка Шведская Акадэмія прысудзіла Нобэлеўскую прэмію па літаратуры Бобу Дылану – «за стварэнне новай паэтычнай мовы ў вялікай амерыканскай песеннай традыцыі», але Боб Дылан не ішоў на кантакт з нобэлеўскім камітэтам – проста не здымаючы слухаўку. У Швецыі гэткія паводзіны спевака ацанілі як «грубыя і непрыгожыя».

Нарэшце Дылан абвесціў, што лічыць узнагароду гонарам для сябе і хацеў бы яе атрымаць асабіста, але не зможа гэтага зрабіць, бо, мае ў гэты час іншыя справы, не ўдакладніўшы якія менавіта. У Стакгольме адсутнасць лаўрэата пракаментавалі як «незвычайны, але не беспрэцэдэнтны ўчынак». У гісторыі літаратурнага Нобэля на цырымоніі ўзнагароджвання ўжо адсутнічалі Дорыс Лесінг, Гэралд Пінтэр ды Эльфрыдэ Елінек.

Лаўрэат, аднак, звярнуўся да каралеўскай сям’і і ўсіх прысутных з лістом, які прачытаў чалец Шведскай акадэміі прафесар Горэс Эндаль.

У Стакгольме Дылана сімвалічна прадстаўляла спявачка Паці Сміт. Яна выканала песню «A Hard Rain’s A-Gonna Fall», якую Дылан напісаў у 1962 годзе, падчас Кубінскага крызісу, калі свет стаяў на ганку ядравай вайны.

Журналісты каментавалі, што над цырымоніяй з адсутным лаўрэатам, відаць, вісіць праклён: падчас выканання Сміт забылася тэкст. Спявачка выбачалася і тлумачыла, што нервуецца. Музыкі распачалі граць з самага пачатку, і Паці зноўку ледзь не забылася словы, але пасля секунднай паўзы працягнула спяваць.

ДД

Глядзі таксама
Каментары