Патрыёты – не наёмнікі: адбыўся пратэст пад амбасадай Беларусі ў Кіеве (Абноўлена)


[/vc_column_text][vc_column_text]Сёння ў Кіеве беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі ў складзе самых першых абарончых батальёнаў на Данбасе, пікетавалі амбасаду Беларусі ва Украіне з патрабаваннямі спыніць пераслед іхных родных на бацькаўшчыне.

Правядзенне акцыі, арганізаванай Міжнародным дабрачынным фондам «Валошка», санкцыянавалі кіеўскія гарадскія ўлады, дазволіўшы пікет з 12:00 да 15:00 гадзіны. Аднак за гадзіну да пачатку акцыі да амбасады прыехалі два аўтобусы Нацыянальнай гвардыі (падраздзяленне, створанае ў складзе Міністэрства ўнутраных справаў Украіны для аховы грамадскага парадку).

Да дзяжурства каля пасольства таксама далучылася аператыўна-следчая група раённага аддзялення паліцыі. Як патлумачылі ейныя прадстаўнікі, «каб запратакаліраваць незаконныя дзеянні на выпадак, калі такія адбудуцца».

Падтрымаць беларускіх пабрацімаў на акцыю прыехалі ўкраінскія і расейскія добраахвотнікі з батальёнаў «Азоў», «Данбас» і тактычнай групы «Беларусь». У акцыі ўзялі ўдзел каля 20 асобаў. Яны трымалі беларускія бел-чырвона-белыя і ўкраінскія сцягі, а таксама расцяжкі: «Мы – патрыёты, а не наёмнікі», «За нашую і вашую волю», «Схамяніцеся!». Падчас акцыі гучалі беларускія песні ў выкананні гуртоў «Дзецюкі» ды «Brutto».

«Я прыехаў сюды з Днепрапятроўску. Я не ваяваў, але адмыслова вырашыў падтрымаць хлопцаў, якія прыехалі нам на дапамогу змагацца з расейскай агрэсіяй. Я заклікаю Беларусь спыніць крымінальны пераслед іхных сваякоў і блізкіх, і разам з тым хачу нагадаць украінскім уладам пра іхнае абяцанне надаць ім украінскае грамадзянства», – сказаў Максім.

Сярод удзельнікаў акцыі – і бацькі Міхася Жызнеўскага, першага беларуса, які загінуў у студзені пад час Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве.

«Мы прыехалі адмыслова, каб распавесці, як нам дастаецца – мне, майму мужу і дачцэ – пасля таго, як Міхась загінуў за Украіну», – зазначыла Ніна Жызнеўская.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, цяпер праваахоўныя органы распачалі 135 крымінальных справаў супраць беларусаў, якія добраахвотна ваявалі на баку Украіны на Данбасе або дапамагалі фронту ў якасці валанцёраў.

«У Беларусі супраць маіх бацькоў адбываюцца рэпрэсіі, у іх правялі ператрус, маральна ціснулі на маці, адабралі ноўтбук. Я вельмі прашу ўлады Украіны нас падтрымаць і ўвесці імунітэт на выдачу беларускім уладам інфармацыі пра нас і на экстрадыцыю», – падкрэсліў беларускі добраахвотнік з пазыўным «Зубр», які працаваў у палку «Азоў» інструктарам па падрыхтоўцы жаўнераў.

Беларускія дыпламаты не выйшлі да ўдзельнікаў пікету. Яго арганізатары сцвярджаюць, што напярэдадні яны адмовіліся нават прыняць зварот.

«Але мы сёння ўсё ж накіруем нашу петыцыю ў амбасаду разам са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Мы зробім гэта электроннаю поштаю», – паведаміла дырэктар дабрачыннага фонду «Валошка» Анжэла Душаева.

У звароце да Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці гаворыцца: «Сёння мы як грамадзяне Украіны звяртаемся да вас і патрабуем спыніць рэпрэсіі беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў, якія коштам свайго жыцця абараняюць украінскую зямлю ад расейскай вайсковай агрэсіі ды аб’ядноўваюць два братэрскія народы супраць агульнага ворага».

Сёння ў Вярхоўнай Радзе Украіны народны дэпутат Украіны Ігар Гузь выступіў у абарону беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на ўкраінскім баку ў АТА.

Ігар Гузь адзначыў з парламенцкай трыбуны, што ў цяперашні час у Беларусі адбываюцца надзвычайныя здарэнні, пакуль там адсутнічае ўкраінскі амбасадар:

«Да бацькоў беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за ўкраінскую незалежнасць у батальёнах «Данбас», «Азоў », «АУН» прыходзяць КДБшнікі. Яны «перагортваюць» усё ў памяшканнях людзей «верх дном», забіраюць ноўтбукі і спрабуюць ціснуць на сваякоў добраахвотнікаў. Яны пераследуюць семʼі беларускіх ваяроў! Хто ўстане на іхную абарону, калі да гэтага часу ў Беларусі не прызначаны пасол Украіны? Дзе пасольства Украіны, якое мусіць стаяць на абароне гэтых семʼяў? Затое вольна знаходзяцца ў Беларусі людзі, якія ваявалі ў шэрагах так званых ДНР і ЛНР на баку сепаратыстаў! Некаторыя з іх даюць інтэрвʼю і кажуць пра тое, што яны знішчалі сотні ўкраінцаў».

«Я настойваю, каб прэзідэнт прыслухаўся да большай часткі парламенту і прызначыў амбасадара Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. У Беларусі мае быць чалавек, які будзе адстойваць інтарэсы нашай краіны! У трэці раз прашу Пятра Аляксеевіча – назначце пасла, або прыйдзіце сюды і растлумачце, чаму Вы ўжо год не можаце гэта зрабіць!» – заклікаў Пятра Парашэнку народны дэпутат.

Алена Літвінава, belsat.eu

Стужка навінаў