Патрыярх Кірыл: У Берасцейскай крэпасці, хутчэй за ўсё, загінуў мой дзядзька


Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл па прыбыцці ў Менск паведаміў журналістам, што ў Берасцейскай крэпасці ў часы ІІ сусветнай вайны загінуў, хутчэй за ўсё, ягоны дзядзька.

Кіраўнік Расейскай Праваслаўнай Царквы адзначыў, што заўсёды прыязджае ў Беларусь з вельмі добрым пачуццём. Асабліва важным, па словах патрыярха, для яго будзе візіт у Берасцейскую крэпасць, дзе прапаў без вестак, а хутчэй за ўсё, загінуў яго дзядзька. «Па сямейнай лініі і ў чалавечым плане я вельмі звязаны з гэтымі месцамі», – дадаў патрыярх.

Галава РПЦ знаходзіцца з візітам у Беларусі 20-22 чэрвеня, паведамляе БелТА.

Візіт патрыярха на беларускую зямлю прымеркаваны да 1000-годдзя з дня спачыну святога князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі, а таксама да святкавання памяці Сабору Беларускіх святых і да 70-гадоў Перамогі ў ІІ сусветнай вайне.

У Менску Кірыл ускладзе вянок да абеліска на плошчы Перамогі, а таксама прыме ўдзел у адкрыцці Духоўна-адукацыйнага цэнтру Беларускай праваслаўнай царквы, дзе будуць рыхтаваць праваслаўных багасловаў ды праводзіць асветніцкія імпрэзы ў праваслаўным духу, падае БелаПАН.

21-га чэрвеня кіраўнік РПЦ правядзе ў Берасцейскай крэпасці памінальную літыю па воінах-вызваліцелях ды паўдзельнічае ў жалобным мітынгу-рэквіеме.

МЯ, паводле БелТА, БелаПАН

Стужка навінаў