«Патэлефанавалі са спецслужбаў». Прэс-цэнтру «Права выбару» раптоўна адмовілі ў памяшканні


Кампанія па назіранні за выбарамі «Права выбару» учора адкрыла прэс-цэнтр у Менску ў прасторы «Корпус». Аднак сёння ўладальнікі «Корпуса» раптоўна адмовілі актывістам у памяшканні.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Як адзначыла сяброўка Руху «За Свабоду», прэс-сакратарка «Права выбару» Вольга Быкоўская, прэс-цэнтр «прапрацаваў 20 хвілін».

«Мы паспелі адпрацаваць усяго 20 хвілін. У адміністрацыі «Корпуса» нам сказалі, што ім сёння патэлефанавалі, імаверна, прадстаўнікі спецслужбаў і папрасілі, каб нас тут не было. У гэты час мы ладзілі онлайн-трансляцыю, але літаральна за 5 хвілін згарнулі ўсё і сышлі адтуль. Безумоўна, мы будзем працягваць працу, але адрас пакуль не называем. Паспрабуем выйсці ў эфір і спадзяемся, што перашкодаў больш не будзе», – сказала belsat.eu Быкоўская.

На думку Вольгі, «распрацоўка» актывістаў «Права выбару» пачалася, калі 8 лютага па дзяржаўным тэлеканале ОНТ паказалі прапагандысцкі сюжэт з крытыкай кампаніі.

«Мы – першы прэс-цэнтр кампаніі, якая вядзе незалежнае назіранне за выбарамі. Раней такога не было, тым больш падчас выбараў у мясцовыя саветы. Думаю, уладам гэта вельмі не спадабалася», – кажа Быкоўская.

Мы звязаліся з адміністрацыяй «Корпуса», каб даведацца прычыну раптоўнага закрыцця.

«Вы самі разумееце… Мы зрабілі ўсё, каб гэтае мерапрыемства працягвалася, але не атрымалася. Нажаль, мы не ўласнікі самога памяшкання і праблем з імі мець не хочам», – сказала супрацоўніца «Корпуса».

На пытанне, ці сапраўды ўласнікам памяшкання тэлефанавалі спецслужбоўцы, яна адказала «Так».

Нагадаем, сёння, 18 лютага, у Беларусі адбываюцца выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы.

Каця Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў