«Пасяліліся ў нашай хаце і абзываюць “бандэраўцамі”»


Як выглядае жыццё перасяленцаў з Данбасу ў Заходняй і Цэнтральнай Украіне – у эксклюзіўных інтэрвю для belsat.eu.

За час нестабільнасці ва Украіне з Данбасу выехалі больш за 370 тыс. чалавек. Некаторыя з іх аселі ў Расеі, некаторыя ў Беларусі, але большасць уцекачоў пераехалі ў цэнтральную і заходнюю часткі Украіны.

«Пусці да сябе дадому, забойца!»

Карэнныя жыхары заходніх вобласцяў прымалі бежанцаў у сябе ўдома бясплатна, куплялі ім ежу, дапамагалі шукаць працу. Некаторыя ўцекачы шукалі жыллё і працу самі альбо прымалі дапамогу мясцовых уладаў. Шмат якія ўцекачы за дзяржаўны кошт пасяліліся ў санаторыях. Некаторыя з тых, хто даў прытулак бяздольнікам, сутыкнуліся з адкрытай непрыязнасцю з боку апошніх, чуючы ў свой ​​адрас «бандэраўцы» і «забойцы».

Прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк заявіў, што сем’ям перасяленцаў будуць выплачваць матэрыяльную дапамогу. Непрацаздольныя грамадзяне будуць атрымліваць 844 грыўняў (каля $ 65) у месяц, астатнія – палову ад гэтай сумы. У цэлым, на адну сям’ю будуць выдзяляць не больш за 2400 грыўняў (каля $ 185). Паводле яго, грошы атрымаюць толькі тыя, хто зарэгіструецца на біржы працы. Ці дастаткова гэтых сродкаў для нармальнага жыцця па-за домам? Вядома, не. Праўда, прыезджым з зоны канфлікту цяпер лягчэй знайсці працу, чым карэнным жыхарам заходніх вобласцяў Украіны, бо мясцовае начальства абавязалі ісці на саступкі.

Пераехалі цэлай фірмай

Валанцёр дапамогі перасяленцам у Жытоміры і Жытомірскай вобласці Ірына Ігнатовіч распавядае, што шмат хто з ейных падапечных жыве ў санаторыі «Цецярук» у горадзе Каростышаў. Тыя, хто пераехаў сем’ямі, знялі кватэры, уладкаваліся на працу, аддалі дзяцей у школу і збіраюцца далей жыць у Жытоміры.

Сама Ірына – луганчанка, у родным горадзе кіравала фірмай па распрацоўцы кампютарнай графікі, у якой працавала 8 чалавек. Цяпер усе яны разам з сем’ямі жывуць у Жытоміры:

«Далей альбо будзем пераязджаць у Польшчу, альбо застанемся тут – не бачым магчымасці жыць у Луганску. Мне і маім хлопцам горад падабаецца, тут размаўляюць па-расейску і па-ўкраінску. Горад падобны на наш, толькі крыху больш кампактны і чысцейшы».

Ірына кажа, што ў яе праблемаў з тым, каб зняць кватэру, не было. Але цяпер, па яе словах, жытла не хапае, нягледзячы на тое, што ў Жытомір мала хто едзе. Карэнныя жыхары, працягвае Ірына, ставяцца з суперажываннем:

«Калі я арандавала памяшканне пад офіс, мне зрабілі зніжку. Прадпрымальнікі, у якіх офісы па суседстве, падарылі нам кубкі з нагоды наваселля».

На ментальнасць жыхароў Жытоміру ўплывае геаграфічнае размяшчэнне гораду ў цэнтральнай Украіне, лічыць перасяленка.

«Яны не кажуць, што Данбас – гэта “ракавая пухліна” на целе Украіны, яны разумеюць і суперажываюць, хочуць міру, але разумеюць, што цяпер галоўнае – абараніць незалежнасць».

Ірына таксама заўважае, што дапамогі чакае кожны перасяленец, а вось уладкоўвацца на працу спяшаюцца далёка не ўсё. Такія не атрымліваюць грашовай дапамогі (паколькі не зарэгістраваліся на біржы працы) і чакаюць дапамогі ад валанцёраў.

«Ездзіў нядаўна ў Луганск, там хочуць расейскага свету…»

Яшчэ адзін луганец Сяргей Тарасаў жыве цяпер у Астрогу (Роўненская вобласць). «Жывецца добра, ніякіх асаблівых нязручнасцяў мы не заўважылі. Не адчуваем непрыязнасці да расейскамоўнага насельніцтва. Ні разу я не чуў пытанняў: чаму мы тут, а не ваюем і г.д. «Бандэраўцаў» і «фашыстаў» не сустракаў».

Сяргей не плануе шукаць працы за мяжой, хоча вярнуцца дадому: «Не ў ЛНР вядома, а ў Луганск украінскі».

Праўда, нядаўна ён пабываў на радзіме і зразумеў, што «данесці і даказаць людзям там нічога не атрымліваецца». Тыя, хто застаўся, «вераць у расейскі свет і не любяць цяперашнюю ўладу, лічаць, што яна людзей хоча вынішчыць, забіць, звесці са свету».

«Едуць у Адэсу перачакаць, пакуль перамогуць ЛНР і ДНР»

З Данецку і Луганску бягуць не толькі ў заходнія і цэнтральныя вобласці Украіны. Шмат хто адпраўляецца ў суседнія вобласці: Днепрапятроўскую, Харкаўскую, Запарожскую, у Адэсу. Адэсітка Юлія М. кажа, што ведае некалькі перасяленцаў:

«Шмат хто з іх не лічаць сябе такімі, кажуць што цяпер у адпачынку і хутка вернуцца дадому, у свае ДНР і ЛНР. Даведацца ад іх нешта вельмі цяжка. Яны кажуць, што ў іх усё добра і яны тут, пакуль там ім адваёўваюць незалежнасць».

Іванна Касцюк, для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары